45 гадоў Сяргею Ціханоўскаму. Значнасць асобы



Сяргея Ціханоўскага перад 2020 годам ведаў збольшага ягоны меркаваны электарат. Тыя, каго прынята называць «простыя людзі». Афіцыйны статус Сяргея Ціханоўскага – гэта такая празрыстая маскіроўка. Відавочна, «блогер» вёў дзейнасць сапраўднага палітыка.

Прывітанне, тут Севярын Квяткоўскі. Прыгадаем як паўстаў адзін з яскравых герояў нашага часу. Фронт-мэн праекту «Страна для жизни».

Самае галоўнае на сёння – гэта тое, што большасць прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага застаюцца ў Беларусі. З’ехаў і працягвае пакідаць краіну так званы «крэатыўны клас». Спрошчана кажучы, тыя людзі, хто зарабляе сам сабе, без дапамогі дзяржавы.

Аўдыторыя Сяргея Ціханоўскага на сто працэнтаў не даследаваная, але з адкрытых крыніц бачна, што часта гэта «рабацягі». А прадпрыемствы ў Беларусі збольшага дзяржаўныя, лічы, прыналежныя асабіста Лукашэнку.

Думаю, што тая жорсткасць, з якой дыктатар расправіўся з Ціханоўскім, звязаная менавіта з тым, што «блогер-палітык» не проста заступіў на электаральнае поле Лукашэнкі, а меў там поспех. То бок літаральна вымаў палітычную глебу з-пад ног Лукашэнкі.

Сяргею Ціханоўскаму далі дзевятнаццаць з паловай гадоў строгага рэжыму.

Што ж у судовым пакеце артыкулаў? «Арганізацыя масавых беспарадкаў»; «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»; «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў»; «Распальванне варожасці ці варажнечы» і «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Лукашэнка ў сілу ўзросту наўрад ці дажыве да канца драконаўскіх тэрмінаў, якія нараздаваў сваім палітычным апанентам, а таксама партызанам і падпольшчыкам.

Зрэшты, як і палітычныя зняволеныя маюць усе шанцы пайсці з жыцця за кратамі. Мы месяцамі не ведаем пра стан здароўя вядомых палітзняволеных.

Лукашэнку важна не толькі адпомсціць сваім апанентам, але і прыбраць памяць пра іх.

Бо значнасць і Сяргея Ціханоўскага, і Марыі Калеснікавай, і Віктара Бабарыкі ў тым, што яны рэпрэзентуюць вялікую, нават большую, частку беларускіх выбарцаў.

Тых людзей, якія абіралі Святлану Ціханоўскую як альтэрнатыву Лукашэнку, калі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку Лукашэнка рэпрэсаваў перад выбарамі. На столькі быў не ўпэўнены ў сабе.

Фармальна Сяргею Ціханоўскаму сядзець яшчэ каля шаснаццаці гадоў. Беларусь у 2039 годзе не спрагназуе цяпер ніхто.

Пакуль цёпла, суха, і Украіна чакае калі яе пілоты навучацца лётаць на амерыканскіх F-16.

Расея мусіць быць разгромленая, а разам з ёю і рэжым Лукашэнкі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя