45 сутак арышту на траіх – за фота пад віцебскім мастом



У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска судзілі траіх дзяўчат – Лізавету Кірыенка, Марыю Агіевіч і Марыю Амасовіч. Усе трое знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, таму суд праходзіў праз Скайп. Дзяўчат прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні, якое яны нібыта здзейснілі 27-га сакавіка пад мастом імя Кірава ў Віцебску.

Абвінавачанне, зафіксаванае ў міліцэйскім пратаколе, агучыла  суддзя Вольга Шапавал:

– Кірыенка ўзяла ўдзел у насанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з палатнінай белага і чырвонага колеру. Разам з Агіевіч і Амасовіч, якія трымалі ў руках плакаты, знаходзячыся пад Кіраўскім мастом у горадзе Віцебску, яны пазіравалі, робячы фота для ўсеагульнага агляду ў навінавай стужцы тэлеграм-канала  “Витебск для жизни”.

Фотаздымак, пра які вялося на судзе, быў знойдзены ў тэлефоне Марыі Амасовіч. Міліцыянты правялі агляд тэлефона, пакуль дзяўчына знаходзілася за кратамі: 28 красавіка Марыю Амасовіч і Лізавету Кірыенка пакаралі арыштамі за дзве свечкі, запаленыя на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Цяпер суддзя Вольга Шапавал асудзіла дзяўчат да новых арыштаў: Марыю Амасовіч – на 20 сутак, Лізавету Кірыенку – на 15 сутак. Такім чынам, арышт Марыі Амасовіч падвоіўся: 20 сутак ёй прысудзілі 28-га красавіка, і яшчэ 20 – цяпер. Лізавета Кірыенка, раней  асуджаная  на 10 сутак, мае адбыць у зняволенні агулам 25 сутак. Марыя Агіевіч, якая ўпершыню трапіла пад суд паводле адміністрацыйнага артыкула 24.23, пакараная арыштам на 10 сутак.     

Таксама на судзе было згадана, што падчас ператрусу ў Лізаветы Кірыенка нібыта знайшлі доказы таго, што яна мае дачыненне да “пратэстнага” надпісу на адным з дамоў у Віцебску. За гэта дзяўчыне можа пагражаць крымінальная справа за псаванне гарадской маёмасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск