46 тысяч украінцаў атрымалі від на жыхарства ў Беларусі



У сувязі з падзеямі ў Украіне з 2014 года значна вырасла колькасць зваротаў замежнікаў з хадайніцтвамі аб прадастаўленні статусу бежанца або дадатковай абароны ў Беларусі, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка.

У 2012 г. з такімі хадайніцтвамі звярнулася 106 чалавек, у 2013-м – 208, у мінулым годзе – ужо практычна 900. У гэтым годзе з такімі хадайніцтвамі звярнулася больш за 1160 замежнікаў, прычым грамадзяне Украіны складаюць сярод іх каля 75%. Сярод бежанцаў з іншых краін – грамадзяне Сірыі (99 чалавек), Афганістана, Ірака, Емена, піша tut.by.

Намеснік міністра нагадаў, што прэзідэнт указам №420 спрасціў парадак і ўмовы знаходжання грамадзян Украіны з тэрыторый Луганскай і Данецкай абласцей. За 2014 і першае паўгоддзе гэтага года ў Беларусь ўехала з рознымі мэтамі каля 150 тысяч грамадзян Украіны. З пачатку ўзброенага канфлікту парадку 46 тысяч грамадзян Украіны атрымалі від на жыхарства ў Беларусі. Паток грамадзян, якія звяртаюцца ў Беларусь за абаронай, не змяншаецца, прызнаў Мельчанка (860 чалавек – у мінулым годзе, 960 – ужо ў цяперашнім). Сацыяльныя пытанні, у тым ліку з выплатай дапамог, вырашаны, адзначыў ён. «Але не ўсе пажаданні гэтых грамадзян мы павінны ўлічваць. Акрамя таго, пад гэтую марку з іншых рэгіёнаў рэспублікі павялічылася колькасць людзей, якія прыязджаюць да нас. І не з добрымі намерамі. Тут мы жорстка ставім пытанні і рэгулюем гэтыя негатыўныя моманты», – падкрэсліў чыноўнік.

Мельчанка паведаміў, што ў Беларусі не плануецца ўводзіць для мігрантаў экзамен на веданне мовы, гісторыі краіны і асноў заканадаўства. У першую чаргу з-за таго, што гэта ў асноўным украінцы і яны цалкам адаптаваныя. «Але мы праблему ўсё ж такі бачым – лік зваротаў за абаронай ад грамадзян краін далёкага замежжа расце. Пры прыёме гэтых грамадзян супрацоўнікі правяраюць узровень валодання адной з дзяржаўных моў. Акрамя таго, прыняты законапраект аб грамадзянстве, паводле якога плануецца пашырыць паўнамоцтвы супрацоўнікаў Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, акрамя мовы будуць правяраць веды некаторых палажэнняў Канстытуцыі. Але ўсё гэта будзе не ў такой жорсткай форме, як у Расеі», – растлумачыў ён.

Намеснік міністра прызнаў, што пэўныя складанасці з інтэграцыяй мігрантаў у наша грамадства ёсць, але падкрэсліў, што на ўзровень злачыннасці ў краіне замежнікі не ўплываюць: на іх прыйшлося 1,4% злачынстваў.