5 гадоў за спробу вывезці трох дзяўчат у Расею для прастытуцыі
Суд Маскоўскага раёна Берасця 17 жніўня вынес прысуд 38-гадоваму непрацоўнаму мясцоваму жыхару, які спрабаваў вывезці трох дзяўчат у Расію для прастытуцыі.
Як паведаміла БелаПАН памочнік пракурора Берасця Алена Шэрк, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, у чэрвені мужчына звязаўся са сваёй знаёмай берасцейкай у „Фэйсбуку”, угаварыў яе займацца прастытуцыяй у Маскве і знайсці для такой працы яшчэ некалькі маладых жанчын.
Пасля гэтага ён сустрэўся з трыма берасцейскімі дзяўчынамі і растлумачыў ім ўмовы працы. За кожную з іх мужчына павінен быў штомесяц атрымліваць узнагароджанне ў 250 даляраў ЗША.
7 чэрвеня на аўтамабілі свайго знаёмага ён спрабаваў вывезці дзяўчат у Расею і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі блізу вёскі Федзькавічы Жабінкаўскага раёна.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым на падставе ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 171 КК (замах на выкарыстанне прастытуцыі, звязаны з вывазам за межы дзяржавы) і прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Прысуд яшчэ не ўвайшоў у сілу і можа быць абскарджаны. Слуханне справы праходзіла ў закрытым судовым пасяджэнні. Раней гэты грамадзянін да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.