5 год працы InformNapalm
29 сакавіка – роўна пяць гадоў ад моманту стварэння міжнароднай выведвальнай супольнасьці InformNapalm.
Пра адметнасць працы гэтага сайту і супольнасці распавядае рэдактар Беларускай службы, журналіст Дзяніс Івашын:
– За гэты час было зроблена вельмі шмат. Праведзена тысячы расследаванняў, выяўлены і ідэнтыфікаваныя тысячы і тысячы расейскіх службоўцаў у вайсковых падраздзяленнях, якія наўпрост былі задзейнічаны, яны і сёння прымаюць удзел у акупацыі тэрыторыі Украіны і ў вядзенні баявых дзеянняў супраць украінскай арміі.
На думку Дзяніса Івашына, трэба падкрэсліць таксама асаблівасць працы беларускай службы InformNapalm:
– Непасрэдна я сам здзейсніў вельмі шмат расследаванняў. Думаю, беларуская грамадскасць пра іх ведае. Гэта збольшага расследаванні, якія датычныя парамілітарных казачых фармаванняў. А таксама што да выяўлення патэнцыйных агентаў уплыву Расейскай Федэрацыі. Друкаваліся адмысловыя артыкулы пра адэптаў «рускага міру» ў Беларусі. І пра супрацьстаянне гібрыднаму інфармацыйнаму ўздзеянню Расейскай Федэрацыі супраць Беларусі і Украіны.
Праца супольнасці InformNapalm адбываецца на валанцёрскіх пачатках, аднак ужо ў 2019 годзе журналісты плануюць распачаць краўдфандынгавую кампанію на свае расследаванні.
Беларускае Радыё Рацыя