5 студзеня пачнецца суд над Бяляцкім ды іншымі “вясноўцамі”



У судзе Ленінскага раёну Менска 5 студзеня пачнецца суд па справе старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча. Яшчэ аднаго абвінавачанага – Змітра Салаўёва – будуць судзіць у парадку “спецыяльнай вытворчасці”, паколькі той знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Справу пачне разглядаць суддзя Марына Запаснік, праваабаронцам пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Суд пакуль зрабілі адкрытым. Вясноўцаў вінавацяць у “незаконным увозе на тэрыторыю Беларусі вялікай сумы грошай без дэкларавання” і ў “фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Пракуратура лічыць злачынствам тое, што “Вясна” дапамагала аплачваць штрафы беларусам, асуджаным паводле “палітычных” артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.