5 кастрычніка – Cусветны дзень настаўніка



Cусветны дзень настаўніка па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца 5 кастрычніка. Яно было заснаванае ў 1994 годзе, падтрымліваюць яго больш за сто краін свету. У Беларусі працаўнікі сферы адукацыі  святкуюць Дзень настаўніка ў першую нядзелю кастрычніка.  

Цяпер у Беларусі прафесія настаўніка не лічыцца прэстыжнай. Але, як кажа настаўніца беларускай мовы з 37-гадовым стажам Ганна Дашкевіч з Глыбокага, калі б ёй зноў прыйшлося абіраць прафесію, то яна б усё адно стала настаўніцай і менавіта беларускай мовы.

Ганна Дашкевіч выказвае сваё меркаванне, як зрабіць прафесію настаўніка ў Беларусі  больш прэстыжнай:

– Трэба стварыць умовы ў школе для настаўніка, каб ён адчуваў плён сваёй працы. Трэба разгрузіць класы. Чаму на ангельскай мове мы можам дзяліць клас на групы і можам навучаць вось гэтых сем чалавек ці восем, а беларускую мову, сваю родную, мы павінны вывучаць у такім класе, што калі ты заходзіш у клас, ты не бачыш таго, хто сядзіць за апошняй партай? Трэба, каб бацькі не лічылі сябе важнымі рускамоўнымі, якія саромеюцца размаўляць па-беларуску, каб дзеці чулі беларускія словы. Шмат папераў розных. Трэба вызваліць настаўнікаў ад тых непатрэбных заданняў, ад тых непатрэбных папяровых спраў, якія яны робяць. І, канешне ж, трэба даць заслужаную аплату працы.

Па дадзеных Белстата, у Беларусі ў мінулым годзе працавала больш за 115 тысяч настаўнікаў, у параўнанні з папярэднім іх паменела амаль на тысячу. Толькі трэцяя частка з іх працуе ў сельскай мясцовасці і большасць з іх – жанчыны. Усяго ў краіне крыху больш за тры тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя