5 снежня адзначаецца Міжнародны дзень валанцёраў
На календары – Міжнародны дзень валанцёраў. Сёлета, ва ўмовах каронавіруснай інфекцыі, важнасць і неабходнасць руху добраахвотнікаў стала відавочнай. Тысячы валанцёраў прыйшлі на дапамогу медыкам і грамадзянам, якія з-за COVID-19 апынуліся ў цяжкай сітуацыі.
Па словах прадстаўніцы Беларускага таварыства Чырвоны Крыж Надзеі Аксак – з першых дзён пандэміі, добраахвотнікі арганізацыі, прыйшлі на дапамогу:
– У асноўным гэта навучэнцы, але тым не менш ёсць і дарослыя. Калі ў сакавіку была аб’яўлена пандэмія, то канешне ж мы не маглі застацца ўбаку і адразу хутка набіраючы абароты прынялі ўдзел у гэтай працы. Было праведзена навучанне, інструктажы. І ўжо калі з’явіліся першыя людзі, якія знаходзіліся на самаізаляцыі, нашы валанцёры прыходзілі, прыносілі прадукты. Усё сыходзячы з мераў бяспекі ў першую чаргу.
На сённяшні дзень каля трох тысяч валанцёраў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа задзейнічаныя ў барацьбе з COVID-19. Добраахвотнікі дапамагаюць грамадзянам на самаізаляцыі, асобам з групы рызыкі ды падтрымоўваюць медыкаў набываючы неабходныя сродкі індывідуальнай абароны.
Беларускае Радыё Рацыя