50 базавых – прысуд для Алеся Леўчука



50 базавых велічынь штрафу – такі прысуд агучыў суд Ленінскага раёна Берасця журналісту Алесю Леўчуку (суддзя Алег Міранюк). Яго абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, гаворка ў судзе ішла пра адзін з сюжэтаў, які выйшаў на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”, пра футбольны матч чэмпіянату Беларусі паміж берасцейскім „Дынама” і „Віцебскам”, а таксама інтэрв’ю з вядомым футбалістам Раманам Васілюком.

Пры гэтым Алесь Ляўчук з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам беларускага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Журналіст у судзе даводзіў, што браў інтэрв’ю ў спартоўца менавіта для інфармагенцтва:

– Я падрыхтаваў паперы, што працую на БелаПАНе, і што гэты матэрыял быў надрукаваны там. Сведка Раман Валасюк сказаў, што я ў яго браў інтэрв’ю. І ў судзе не было даказана, што гэта для „Белсата”. Аднак суддзя нават вочы не ўзняў, калі зачытваў мне прысуд.

24 чэрвеня на журналіста завялі яшчэ адну аналагічную справу — цяпер ужо за рэзанансны сюжэт пра нядаўні рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Алеся Леўчука за апошні час судзілі ўжо двойчы: напрыканцы 2014 года ён быў пакараны штрафам у 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў), а сёлета ў сакавіку — на 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч рублёў). Агулам, паводле трох прысудаў, журналіста прысудзілі да 111 базавых велічынь штрафу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайту belsat.eu