50 базавых велічынь за выкананне песні ў падземным пераходзе
Суд Цэнтральнага раёна Менска 6 траўня аштрафаваў менчанку Юлію Шабанаву на 50 базавых велічынь (1.450 рублёў) за „пікетаванне песняй”, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Шабанаву затрымалі 22 красавіка ў падземным пераходзе на вуліцы Леніна разам з яшчэ двума музыкантамі — Лізаветай Пакетавай і Аляксеем Жураўлевічам. Іх адвезлі ў Цэнтральнае РУУС і склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Музыкантаў абвінавацілі ў „несанкцыянаваным пікетаванні праз спеў песні „Разбуры турмы муры”.
23 красавіка суд Цэнтральнага раёна Менска арыштаваў Пакетаву на 11 сутак, Жураўлевіча — на 25 сутак. Шабанаву адпусцілі з РУУС, паколькі ў яе ёсць непаўналетнія дзеці.
Паводле слоў Шабанавай, у іх ёсць афіцыйны дазвол на выступленні ў пераходзе, таму яе здзівіла прычына затрымання, бо яна не ведае, дзе знайсці спіс забароненых песень.