50 базавых – за збор подпісаў
Актывіст „Маладога фронту” Сяргей Пальчэўскі аштрафаваны на 1050 рублёў (то бок, 50 базавых велічынь) за ўдзел у акцыі па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Менска. У судзе разглядалі шэсць пратаколаў па артыкуле аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пальчэўскага абвінавацілі ў тым, што ён, не маючы дазволу Менгарвыканкама, штодня з 26-га па 30-га верасня размяшчаў стэнд з выявай бел-чырвона-белага сцяга ў пераходах станцыі метро і збіраў подпісы з мэтай прызнання гэтага сцяга гістарычнай каштоўнасцю.
Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі, якія складалі пратаколы.
Варта нагадаць, што Сяргея Пальчэўскага ў кастрычніку прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці двойчы: 6 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Менска абвінаваціў актывіста ў зборы подпісаў 23 і 24 верасня з мэтай прызнання гэтага нацыянальнага сцяга гістарычнай каштоўнасцю і пастанавіў пакараць Пальчэўскага штрафам у памеры 30 базавых велічынь (630 рублёў).
Агулам за кастрычнік суды пакаралі Пальчэўскага штрафам на суму 2730 рублёў (амаль) 1450 долараў.