50-ты дзень пратэстаў у Берасці
У Берасці як мінімум чацвёра затрыманых за 27 верасня. Пра гэта паведамляецца ў зводнай табліцы ад валанцёрскай службы «Вясны». Сярод іх адна жанчына.
Аднаго з хлапцоў натоўп сілавікоў з шэўронамі АМАП затрымліваў ля фантана на вуліцы Савецкай, куды той пабег, спрабуючы ўратавацца ад пераследу:
– Міліцыі шмат. Участковыя здымалі відэа. І так проста сачылі за людзьмі. Было шмат бусаў, у прыватнасці, сем штук налічыў у раёне Савецкай, аўтазакі былі. На маіх вачах затрымлівалі ў фантане аднаго хлопца, наўпрост у вадзе ў фантане.
Пазней затрыманні адбыліся падчас шэсця калоны дэманстрантаў у раёне студэнцкага інтэрнату, што на вуліцы Дзяржынскага. Пратэстоўцы тады разбегліся, убачыўшы тры танаваныя мікрааўтобусы, адкуль выскачылі некалькі сілавікоў, каб затрымаць пэўных людзей з калоны. Пра лёс затрыманых праваабаронцы пакуль нічога не паведамляюць.
* * *
Некалькі сотняў берасцейцаў выйшлі на нядзельны пратэст супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Пунктам збору гараджан стала пляцоўка ля кінатэатру «Беларусь» – там пачаліся і першыя затрыманні ўдзельнікаў. Аднаго з хлапцоў АМАП лавіў у фантане.
Удзельнікі акцыі:
– Жыве Беларусь!
– Прастытуткі тут? Тут! – Наркаманы тут? Тут! – Алкаголікі тут? Тут! – Дармаеды тут? Тут!
– Верым! Можам! Пераможам!
Пазней берасцейцам удалося сфармаваць калону і рушыць маршам па вуліцах Савецкай, а пазней Дзяржынскага. Там, калону ўдалося рассеяць некалькім сілавікам, якія выскоквалі з таніраваных мікрааўтобусаў і затрымлівалі некаторых з пратэстоўцаў. Пра змену фармату пратэста разважае берасцеец, якому ўдалося ўцячы:
– Мяняць, напэўна, патрэбна. Але і такія акцыі даюць свой плён. Назіраецца крышачку спад у гэта справе. І вось гэта не вельмі добра. Я разумею, што 97% людзей супраць таварыша па прозвішчы Лукашэнка, але іх няма на вуліцы і гэта шкада.
Пазней людзям удалося наноў сабрацца ля кінатэатру «Беларусь». Увесь час пратэстуючых пільнавалі і вялі відэаздымку нарады міліцыі, а ў кварталах навокал дзяжурылі АМАПаўцы ў мікраўтобусах. На Леванеўскага, бульвары Касманаўтаў і праспекце Машэрава стаялі «аўтазакі». Адначасова ў іншых кутках горада групы памерам да дзясятка чалавек фатаграфаваліся з бел-чырвона-белымі сцягамі ў гэты дзень. Такія акцыі былі заўважны ля стэлы «Брэст», ГЦ «Экватар» і ЦМТ.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце