500 гадоў беларускага кнігадрукавання
Роўна 500 гадоў назад, 6 жніўня 1517 года, мысляр, навуковец і гуманіст-асветнік з Полацка Францыск Скарына накіраваў у друк свой пераклад „Псалтыра” на старабеларускую мову, паклаўшы такім чынам пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню. Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, аднак калі б Скарына не распачаў друкарскую дзейнасць, развіццё Вялікага Княства Літоўскага і беларускага народа пайшло б зусім па іншым шляху, заўважыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, культуролаг і скарыназнавец Алесь Суша.
На яго думку, дзейнасць Скарыны значна вызначыла палітычную, культурную, этнічную самаідэнтыфікацыю народа. „Без яе запаволіліся б тэмпы этнічнай кансалідацыі і фармавання нацыянальнай моўнай, літаратурнай, мастацкай традыцыі, бо выданні Скарыны прадвызначылі многія формы культуры ў шырокім сэнсе”, — падкрэсліў Суша.
„Калі б Скарына не пачаў займацца кнігадрукаваннем, гэта не дазволіла б нашаму народу паўнавартасна інтэгравацца ў агульнасусветны культурны працэс. Праз кнігі Скарыны мы, па сутнасці, атрымалі доступ не толькі да еўрапейскай, але і да агульнасусветнай інтэлектуальнай традыцыі”, — дадаў культуролаг.
Пры ўсёй значнасці асобы Францыска Скарыны для Беларусі дакладных звестак пра яго жыццё і дзейнасць надзвычай мала. Паводле слоў Сушы, „архіўнымі дакументамі і іншымі дакладнымі матэрыяльнымі сведчаннямі пацверджана не так шмат гіпотэз”.
„Таямніц, звязаных са Скарынам, багата, — падкрэсліў ён. — Мы не ведаем дзень і год нараджэння, дату смерці і месца пахавання першадрукара, агульную колькасць выдадзеных ім кніг, увесь час узнікаюць спрэчкі адносна веравызнання Скарыны. Мы не ведаем, дзе ён абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі, дакладна не вызначылі, ці быў ён сакратаром караля Даніі, не ведаем, ці вучыўся ён ў Падуанскім універсітэце альбо проста здаваў там іспыты. Невядома, якім быў першы аркуш „Псалтыра”.
„Такім чынам, мы не ведаем самыя прынцыповыя рэчы і пытанні ў дачыненні да гэтай асобы, таму наперадзе нам яшчэ варта падумаць, як і што новае мы можам даследаваць. З іншага боку, існуе багата гіпотэз і меркаванняў, якія дазваляюць нам часткова рэканструяваць біяграфію Скарыны і паспрабаваць раскрыць некаторыя таямніцы яго жыцця”, — сказаў культуролаг.
Сёння вядома пра 25 найменняў кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам, але асобнікаў гэтых выданняў па ўсім свеце захавалася 519. У розных бібліяграфіях ёсць згадкі пра яшчэ некалькі дзясяткаў асобнікаў, якія некалі захоўваліся ў розных прыватных і дзяржаўных, царкоўных і манастырскіх кнігазборах, але сёння іх месцазнаходжанне даследчыкі Скарынавай спадчыны не ведаюць. Апрача таго, існуе прыблізна 45 рукапісных спісаў — копій з арыгінальных кніг Скарыны, у тым ліку з тых, якія, верагодна, фізічна не захаваліся.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сёння захоўваецца 10 асобнікаў пражскіх выданняў Скарыны ў шасці пераплётах. Летась „Белгазпрамбанк” набыў для сваёй калекцыі „Малую падарожную кніжку”, якая складаецца з 18 асобных частак-кніг. Такім чынам, агулам у краіне захоўваюцца 28 Скарынавых кніг. Беларусь разам з Украінай, якая мае такую ж самую колькасць асобнікаў выданняў беларускага першадрукара, займае другое месца сярод уладальнікаў спадчыны Скарыны.
Больш за ўсё асобнікаў кніг Скарыны — прыблізна 350 — сёння захоўваецца ў Расеі. У прыватнасці ў Маскве іх мае Расійская дзяржаўная бібліятэка, Дзяржаўны гістарычны музей, Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў, бібліятэка Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у Санкт-Пецярбургу — Расейская нацыянальная бібліятэка, бібліятэка Расейскай акадэміі навук. Адзінкавыя асобнікі ёсць у Цюмені, Саратаве, ва Уладзіміры.
500-годдзе беларускага кнігадрукавання на працягу гэтага года адзначаецца па ўсёй Беларусі шматлікімі выставамі, конкурсамі і тэматычнымі вечарынамі. Кульмінацыяй стане буйны міжнародны кангрэс, прысвечаны гэтай знакавай падзеі, які адбудзецца 14—15 верасня ў Мінску. БелаПАН