500-годдзе Бібліі Скарыны і 100-годдзе БХД – адначасова



Роўна 500 гадоў таму, 6 жніўня 1517 Францыск Скарына, мысляр, навуковец і гуманіст-асветнік з Полацка накіраваў у друк свой пераклад “Псалтыра” на старабеларускую мову, паклаўшы пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню.

У менскім гатэлі “Камфорт” прайшла імпрэза, прысвечаная адначасова 500-годдзю выдання Бібліі Францыскам Скарынам і 100-годдзю беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Гучалі вершы легендарных ксяндзоў-“хадэкаў” Казімера Сваяка, Андрэя Зязюлі, Вінцука Адважнага. Урыўкі з уласных літаратурных твораў чыталі першыя лідары БХД Анатоль Астрэйка, Георгій Салаўёў, Аляксей Шэін, лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч. А таксама і народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Свой мастацкі фільм паводле твору Васіля Быкава “Жоўты пясочак” прадставіў рэжысёр Аляксей Туровіч. Выставу карцін зладзіла мастачка з Нясвіжа Наталля Бордак.

Арганізатарам і вядучым імпрэзы выступіў Павал Севярынец, палітык, літаратар, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Напачатку некалькі дзясяткаў чалавек, што сабраліся, разам прачыталі “Ойча наш”. Пасля накіраваліся у Царкву Благадаці, дзе праходзіла пратэстанцкая скарынаўская імпрэза “Ласка божая”.

Больш падрабязна пра падзею — у далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара