500 тысяч “дармаедаў” у Беларусі: рэальная лічба альбо не?



“Людзі, якія патрапілі ў базу “дармаедаў”, але не лічаць сябе такімі, могуць звяртацца да нас, мы дамо юрыдычныя парады”, – кажа дарадца-кансультант прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што ў Беларусі з 1 снежня запусцілі базу незанятага ў эканоміцы насельніцтва. Тыя, хто патрапіў пад дэкрэт аб “дармаедах”, і пры гэтым маюць ва ўласнасці кватэры, з 1 студзеня наступнага года будуць аплочваць па поўным тарыфе гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 года – газа- і цеплазабеспячэнне.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч ужо назвала, колькі чалавек знаходзіцца ў вышэйзгаданай базе – каля 500 тысяч чалавек.

Генадзь Фядыніч: Я зараз задаюся пытаннем: а чаму налічылі толькі паўмільёна “дармаедаў”? Чаму не мільён? Хаця, наколькі я зразумеў, у Беларусі яшчэ ніхто не адмяняў Канстытуцыю, дзе дакладна запісана, што прымусовая праца ў краіне забаронена.

Зараз улада любым коштам хоча прымусіць людзей працаваць за невялікія грошы. Але ж так не атрымаецца, бо найперш патрэбна, каб была матывацыя. Нашы людзі не лянівыя, яны працавалі б, але не кожны хоча за месяц працы атрымліваць 250-300 рублёў. Вось у чым галоўная праблема! Паглядзеў бы я на чыноўнікаў, калі б у іх быў такі заробак. Ды і многія чыноўнікі – яшчэ тыя “дармаеды”.

РР: На ваш погляд, 500 тысяч “дармаедаў” у базе – гэта рэальныя лічбы?

Генадзь Фядыніч: Мяркую, што ў гэтую базу заклалі дадзеныя з Фонда сацыяльнай абароны, а таксама з ЖЭСаў. Але, паўтаруся, пытанне не ў гэтым. Такая ініцыятыва адназначна будзе негатыўна ўспрынята людзьмі, няўжо ўладзе гэта незразумела?

Калі будуць звароты людзей, якія нязгодныя з рашэннем, мы завалім лістамі адпаведныя камісіі, няхай разбіраюцца. Таму што пытанняў па-ранейшаму застаецца больш, чым адказаў. Няхай звяртаюцца да нас, мы дадзім юрыдычныя парады. А сітуацыі ў кожнага могуць быць зусім розныя.

Таксама будзем выходзіць з прапановамі арганізоўваць “круглыя сталы” з камісіямі ў рэгіёнах, дзе знайсці працу праблематычна. Пабачым, ці пойдуць яны на гэта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя