540 рублёў штрафу за тое, што прыйшла на пікет па зборы подпісаў
Віцебскі суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах Людмілу Валадкевіч. Суддзя Уладзімір Царыкаў аштрафаваў яе на 20 базавых велічынь толькі за тое, што яна трапіла ў аб’ектыў міліцэйскага відэааператара.
У пратаколе было напісана, што Людміла Валадкевіч узяла ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, “які праводзіўся пад выглядам збору подпісаў”. Сама жанчына так не лічыць:
– Я сябе вінаватай не лічу. Мы былі на пікеце, цяпер праходзяць мірныя пікеты… Выбачайце, калі я ўжо не маю права выйсці ў цэнтр горада, бо за мной ззаду сочаць, здымаюць на камеру, то трэба нам усім выходзіць, уставаць са сваіх канапаў. Трэба рабіць наша жыццё лепшым і ўсё мяняць.
На думку праваабаронцы Паўла Левінава, падобныя карныя рашэнні судоў толькі ўзмацняюць у беларускім грамадстве недавер да дзейных уладаў:
– Рашэнні гэтых судоў неўзабаве наяўныя вось гэтыя 3% зменшаць да 1%. Бо калі чалавек прыходзіць на пікет, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата на прэзідэнта, а яго за гэта ўлада карае штрафам памерам 20 базавых велічынь, то ні сам гэты чалавек, ні яго родныя, ні яго сябры ўжо ніколі за гэтую ўладу галасаваць не будуць!
Падчас судовага працэсу суддзя Царыкаў пытаўся ў Людмілы Валадкевіч, ці не фатаграфавала яна падзеі 31-га траўня і ці не выкладала гэтыя здымкі ў сацыяльныя сеткі. А таксама яго цікавіла, ці зрабіла падсудная высновы наконт таго, што падобныя імпрэзы наведваць непажадана.
На думку Паўла Левінава, падобныя пытанні ёсць памкненнем абмежаваць канстытуцыйныя правы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск