6 гадоў прысудзілі былому міліцыянту, які збіў двух затрыманых



У Берасці вынесены прысуд 26-гадоваму былому супрацоўніку міліцыі, які збіў двух затрыманых.

Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Вольга Грыцкевіч, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, берасцеец, працуючы на пасадзе міліцыянера роты патрульна-паставой службы міліцыі Маскоўскага РАУС Берасця, 6 чэрвеня 2017 года сумесна з ваеннаслужабым унутраных войскаў МУС даставіў у апорны пункт міліцыі № 3 Маскоўскага РАУС 30-гадовага і 24-гадовага мясцовых жыхароў за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

У апорным пункце 30-гадовы распыліў газавы балончык, які стаяў на стале. Пасля чаго абвінавачаны разам з „неўстаноўленымі асобамі” збіў двух затрыманых. Ён наносіў ім ўдары па розных частках цела рукамі, нагамі і спецсродкам — гумовай палкай. 30-гадоваму было нанесена не менш за 30 удараў, 24-гадоваму — не менш за 10. У выніку першаму былі прычыненыя закрытыя пераломы двух рэбраў, закрыты пералом косткі левай кісці і шматлікія сінякі, другому — паверхневыя ранкі левай надброўнай вобласці, сінякі, у тым ліку на павеках левага вока, і шматлікія ранкі. Затым абвінавачваны, спрабуючы схаваць супрацьпраўныя дзеянні і пазбегнуць адказнасці, лязом клінка нажа надрэзаў гематому, што ўтварылася ад удару, у вобласці левага вока 24-гадоваму затрыманаму.

24 траўня суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў былога супрацоўніка міліцыі вінаватым у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, звязаным з гвалтам і прымяненнем спецыяльных сродкаў (па ч. 3 арт. 426 КК) і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Акрамя таго, ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, а таксама пасады ў органах і падраздзяленнях МУС, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Таксама ён пазбаўлены спецыяльнага звання „старшы сяржант міліцыі”. Па прыгаворы суда з абвінавачанага ў кошт кампенсацыі маральнай шкоды на карысць 30-гадовага пацярпелага спагнана 5 тыс. рублёў, на карысць 24-гадовага — 3 тыс. рублёў.

У судзе былы супрацоўнік міліцыі сваёй віны не прызнаў.

Пасля абвяшчэння прысуду ён быў узяты пад варту ў зале суда.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Крымінальная справа ў дачыненні да неўстаноўленых асоб, якія таксама збівалі гэтых грамадзян, выдзеленая ў асобную вытворчасць.

Як стала вядома БелаПАН, 21 верасня 2017 года гэты супрацоўнік міліцыі быў звольнены з Маскоўскага РАУС у сувязі са сканчэннем тэрміну кантракту.

belapan.by