6 снежня – Дзень святога Мікалая
6 снежня Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае ўспамін святога Мікалая, біскупа. Найбольшую славу святому Мікалаю прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатовасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім.
У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай у гэты дзень рабіць дзецям падарункі, як гэта рабіў святы Мікалай. Атрымаць падарунак будуць радыя і дарослыя: паспрабаваць сябе ў ролі святога Мікалая можа кожны.
«На Мікалая пакінь воз, а закладзі сані»
У народнай каталіцкай традыцыі святы Мікалай лічыцца апекуном падарожных, дзяцей, дзяўчат на выданне, маракоў, рыбакоў, пекараў, а таксама вязняў.
У вёсках святы Мікалай з’яўляецца апекуном пастухоў: лічыцца, што ён ахоўвае хатнюю жывёлу ад хвароб і ваўкоў, таму пастухі захоўвалі пост у вігілію (напярэдадні) успаміну святога Мікалая — 5 снежня, а на сам успамін замаўлялі святую Імшу за жывёлу.
З днём святога Мікалая звязаны таксама прыказкі: «На Мікалая пакінь воз, а закладзі сані», «Калі падае снег, то святы Мікалай трасе барадой». Святога Мікалая заклікалі і ва ўсіх нечаканых патрэбах, калі неабходна была дамамога гэтага цудоўнага святога.
Ці ведалі вы, што…
Святы Мікалай з’яўляецца апекуном Расеі і адным з найбольш папулярных святых на Захадзе, дзе стаў правобразам славутага Санта-Клаўса. Гэтае імя мае шмат аналагаў у еўрапейскіх мовах: Нікалас, Міклас (-ш), Клаус, Нікалаўш, Нікаля…
Найстарэйшую выяву святога Мікалая можна ўбачыць у адным з касцёлаў у Бейруце — гэтая арабская фрэска паходзіць з VI ст.
Асобе св. Мікалая прысвечана шмат выяваў у беларускім мастацтве, што сведчыць пра любоў і пашану да яго. Паводле слоў мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча, найбольшая колькасць такіх выяваў — у іканаграфічным жывапісе.
«Святы Мікалай на Беларусі лічыцца найпершым пасля Маці Божай заступнікам за людзей перад Богам. (…) У Беларусі захавалася больш за тысячу абразоў св. Мікалая, пераважна ХІХ і пачатку ХХ ст.».
Святы Мікалай прыносіць падарункі. Што казаць дзецям?
Польскі псіхолаг і педагог Эва Любянец на пытанне, кім для дзіцяці з’яўляецца атрыманне падарункаў ад святога Мікалая, адказвае, што «цудоўнай ілюзіяй». Святы Мікалай, які «прыносіць падарункі» — гэта сінонім дабра, любові, кахання, нягледзячы ні на што.
Гэтая традыцыя спрыяе выхаванню эмацыйнасці дзіцяці, яго развіццю ў духу здаровай рэлігійнасці, дапамагае верыць у дабро, узмацняе аптымізм, нясе духоўны спакой, вучыць любові і прабачэнню. Разам з прыкладам хрысціянскай шчодрасці, уяўленні пра святога Мікалая ствараюць у псіхіцы добры капітал, які чалавек нясе ў дарослае жыццё.
Напэўна, многія бацькі, асабліва маладыя, задаюцца пытаннем: а ці ўвогуле ёсць сэнс казаць дзецям пра тое, што падарункі ім прыносіць святы Мікалай, каб пасля яны не расчараваліся ў існаванні святога, даведаўшыся, адкуль насамрэч браліся гэтыя падарункі?
Але святы — гэта непрацяглы перыяд у годзе.
Калі дзіця даведаецца праўду, то зможа парадавацца, што яго бацькі настолькі цудоўныя, што нават увайшлі ў ролю святога Мікалая. Эва Любянец дадае, што гэтую прыгожую традыцыю варта падтрымліваць.
Разам з тым неабходна памятаць, што ўспамін святога Мікалая — гэтане толькі цудоўная нагода для падарункаў, але і магчымасць вучыць дзяцей дзяліцца імі з іншымі. Дашкольнікам і малодшым школьнікам можна прапанаваць напісаць ліст да святога (можна ў выглядзе малюнка).
Гэта цудоўны спосаб аўтарэфлексіі: дзіця ацэньвае, ці сапраўды заслужыла падарунак. Але нават калі яно і вяло сябе не найлепшым чынам, варта сказаць, што святы Мікалай любіць усіх дзяцей і нікога не крыўдзіць. Галоўнае, каб дзіця адчула, што яго любяць, нягледзячы ні на што.
Што вядома пра жыццё св. Мікалая?
З дзяцінства ён вылучаўся не толькі пабожнасцю, але і гарачай любоўю да бедных.
Пасля смерці бацькоў ён падзяліўся сваёй вялікай маёмасцю з патрабуючымі: непрыкметна падкінуў грошы тром дзяўчынам, якіх бацькі хацелі выдаць за багатых, але бязбожных жаніхоў, тым самым пазбавіўшы іх ганьбавання. Гэтае здарэнне нават адлюстраваў у сваім эпасе Дантэ.
Святы Грыгорый Вялікі ў жыццярысе святога Мікалая падае, што ён быў кінуты ў вязніцу падчас пераследванняў Дыяклетыяна на пачатку IV стагоддзя. Вызвалілі яго толькі пасля Міланскага эдыкту імператара Канстанціна Вялікага ў 313 годзе.
Святы Мікалай прымаў удзел у Саборы 325 года ў Нікеі, на якім была асуджана ерась Арыя. Пасля доўгіх гадоў біскупскага служэння Божаму народу святы Мікалай адышоў да Пана паміж 345 і 352 гадамі.
Яго цела было пахавана ў г. Міры, дзе спачывала да 1087 года, пасля чаго было перанесена ў італьянскі горад Бары, дзе адбылося ўрачыстае благаслаўленне грабніцы, якое здзейсніў бл. папа Урбан ІІ. Менавіта тут, пры рэліквіях св. Мікалая, у 1098 годзе праходзіў Сінод, мэтай якога было заключэнне уніі (саюзу) паміж усходнім і заходнім Касцёлам.
«Быў нізкі ростам»
У 1957 былі праведзены навуковыя даследванні рэліквій св. Мікалая. Удзел у іх прынялі папскі дэлегат кардынал Адэадато Джаванні П’яцца, кардынал Агаджан, 6 мітрапалітаў і 19 біскупаў.
Згодна з вынікамі, святы Мікалай меў невысокі рост — каля 167 см, але быў добра складзены, на момант смерці яму было каля 72–80 гадоў.
Ва ўсходнім Касцёле св. Мікалай з’яўляецца святым «у кожнай справе», як святы Антоній у заходнім Касцёле. Па ўсім свеце распаўсюдзілася традыцыя рабіць падарункі або ў дзень памяці св. Мікалая, 6 снежня, або на Божае Нараджэнне.
Сучаснае жыццё, прасякнутае камерцыялізацыяй, малюе вобраз Санта-Клаўса, які павінен прыехаць да нас на санях з Лапландыі і зрабіць падарункі. З гэтым звязана беганіна па крамах і рынках, асабліва ў Адвэнт — час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.
Святы Мікалай — гэта вялікі хрысціянскі святы, які сапраўды існаваў, служачы Богу і людзям, і за святасць яго жыцця Бог даў яму сілу і моц заступацца за нас, слабых людзей, якія маюць патрэбу ў яго малітоўнай дапамозе.
catholic.by