6 снежня – Дзень Святога Мікалая
Яго адзначаюць у Беларусі вернікі Каталіцкай Царквы. Гэты святы настолькі знакаміты, што памяць пра яго актыўна згадваюць як у рэлігійным жыцці, так і ў камерцыі. Цяпер для шматлікіх гісторыя ягонага жыцця стала амаль казачнай і нерэальнай. Сапраўднае ж жыццё святога, які дзяліўся сваім багаццем, ратаваў ад загубы людзей, мае ў гэты дзень даць урок для пераймання.
Кажа грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот:
– Мы жывем у такім свеце, які вельмі няроўны, то бок ёсць людзі вельмі багатыя, ёсць людзі бедныя, якія патрабуюць. І таму Святы Мікалай – гэта прыклад для сучасных людзей, каб тым дабром, якое яны маюць, распараджацца разумна, дзяліцца з тымі, хто мае патрэбу. Асабліва, я б сказаў, у кантэксце святаў Божага нараджэння, якія набліжаюцца. Якія часта ператвараюцца ў сучасным свеце ў такое свята спажывання, калі людзі набываюць і дораць падарункі, якія не маюць сэнсу.
Калі святы Мікалай стаў біскупам у Міры, што ў Малой Азіі, ён уратаваў сваёй малітвай рыбакоў падчас буры на моры, менавіта таму лічыцца апекуном маракоў і ўсіх падарожных. Калі ў Мірах была пошасць, ён служыў хворым, рызыкуючы ўласным жыццём. Легенда падае, што святы Мікалай уваскрэсіў з памерлых трох людзей, забітых уладальнікам таверны, таму што яны не маглі заплаціць за начлег. Святы Мікалай быў дэлегатам першага ўсеагульнага сабора 325 года ў Нікеі, дзе былі асуджаны за ерась арыяне.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя