Палітзняволенай Соф’і Сапезе прысудзілі 6 гадоў калоніі (абноўлена)
Гарадзенскі абласны суд 6 траўня вынес прысуд грамадзянцы Расеі, палітзняволенай Соф’і Сапезе, якую абвінавачвалі адразу паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Суддзя Віктар Сянько прысудзіў ёй 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Таксама Сапегу абавязалі выплаціць пацярпелым кампенсацыю маральнай шкоды на суму 167,5 тысячы рублёў і судовы збор на 7 488 рублёў у грамадзянскіх пазовах.
Менавіта такога прысуду і патрабавала пракурорка Наталля Сокалава.
***
Прысуд палітзняволенай Сафіі Сапезе агучаць сёння, 6 траўня, у Гародні. Суд над расейкай пачаўся 28 сакавіка, ён праходзіць у закрытым рэжыме. Крымінальную справу разглядае Гарадзенскі абласны суд.

Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021 года. Яе абвінавачваюць у адміністраванні тэлеграм-канала, дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.
Агулам абвінавачанні расейцы выставілі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса („распальванне сацыяльнай варожасці”, „незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці…” і г. д.). З улікам дасудовага пагаднення са следствам Сафіі пагражае да шасці гадоў зняволення.
Сапега пісала прашэнне аб памілаванні. Толькі ў першыя месяцы пасля затрымання яна знаходзілася ў СІЗА КДБ, пасля яе перавялі пад хатні арышт.
Беларускія праваабаронцы яшчэ ў траўні 2021-га прызналі Сафію Сапега палітзняволенай.
