6-ы шпіталь Менска перапрафілююць пад інфікаваных каронавірусам



6-я гарадская бальніца Менска часова спыняе прыём пацыентаў з траўмамі, паведаміла прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Прыём прыпыняецца ў сувязі з перапрафіляваннем аднаго з карпусоў бальніцы пад шпіталізацыю кантактных асоб пацыентаў, захварэлых на каранавірус COVID-19.

„Дзеці з траўмамі будуць дастаўляцца ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі. Дарослыя пацыенты з траўматалагічнай паталогіяй, у залежнасці ад стану, — у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі або ў Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Туды ж, у БСМП, будуць дастаўляць пацыентаў з траўмай кісці”, — удакладніла Барадун.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што захоўваецца праца кругласутачных траўмапунктаў у гарадской паліклініцы № 19 і цэнтральнай раённай паліклініцы № 2. Кансультатыўны кабінет Менскага гарадскога клінічнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі будзе працаваць на базе 14-й цэнтральнай раённай паліклінікі.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі пацверджаныя 36 выпадкаў каронавіруса COVID-19. 17 сакавіка на нарадзе ўрада міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік паведаміў, што за мінулыя суткі ў краіне не выяўлена новых выпадкаў каронавіруса COVID-19, частка пацыентаў рыхтуюцца да выпіскі, у іх атрыманыя першыя адмоўныя тэсты.

belapan.by

Фота minsknews.by