67% расейцаў не лічаць Беларусь замежжам
Расейцы ўсё больш нэгатыўна ставяцца да заходніх краінаў і заходніх каштоўнасцяў, усё менш хочуць з’яжджаць за мяжу на працу, вучобу ці ў сталую эміграцыю, паказала новае апытанне расейскага „Левада-цэнтра”.
Паводле Левада-цэнтра, цягам апошніх 12 гадоў расейцы ацэньваюць узаемаадносіны сваёй дзяржавы з Захадам як усё горшыя. Рэкорд „варожасці” прыпаў на апытанне год таму. Сёлета „варожасць” крыху спала, больш людзей ацэньваюць адносіны з ЗША і Еўразвязам як „напружаныя”, „прахалодныя” ці „нармальныя”. Тым не менш за год колькасць тых, хто называе стасункі з заходнімі краінамі „добрымі” альбо „сяброўскімі”, упала да самага нізкага ўзроўню, 1-2%
Расейскі некамерцыйны аналітычны цэнтр Левады правёў 2-5 кастрычніка 2015 года апытанне, прысвечанае ўзаемаадносінам Расеі з бліжнімі і дальнімі суседзямі сярод 1600 паўналетніх у 134 расейскіх паселішчах.