7 лістапада: жахі таталітарызму, настальгія па мінулым ці нагода выпіць?



7 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. З краін былога СССР святкуюць яго толькі ў Беларусі і Кыргызстане. Але святкаваць яго не толькі ганебна, але і амаральна, кажа гісторык Павел Дайлід:

– Бальшавіцкая ўлада, якая прыйшла ў Беларусь з Расеі ў выніку перавароту, прынесла нашаму народу толькі смерць, сібірскія лагеры, прымусовую калектывізацыю, культурны генацыд і жахі таталітарызму. Чаму нашыя ўлады працягваюць святкаваць гэты дзень? З атрыманнем незалежнасці ў Беларусі не была праведзеная дэсаветызацыя ўлады. Бо яна мусіла б уключаць люстрацыю.

У розных узроставых катэгорый свае  адносіны да свята: хто   настальгуе па тых часах, каму выходны, а каму – нагода выпіць. Мінакі:

– Не было б кастрычніцкай рэвалюцыі – не было б і Беларусі! Як людзі жылі да рэвалюцыі? Людзі ў лапцях хадзілі, безграматнымі былі. Вось і святкуем, таму што ўсе сталі граматнымі.

– Ужо ніхто і не памятае, а моладзі і растлумачыць немагчыма, што за свята такое.

– Добра, што выходны.

– Тых, хто паў за рэвалюцыю, памянём!

Былі добрыя прапановы:  перанесці гэтае свята на Дзяды 2 лістапада, каб на дзяржаўным роўні адзначаць Дзень ушанавання продкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота abzac.ru

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.