7 сутак арышту – Руслану Ахрымчуку з Віцебска
Руслана Ахрымчука, удзельніка збора подпісаў за Святлану Ціханоўскую, затрымалі напярэдадні – 28-га чэрвеня.
Затрыманне было гвалтоўным: спадар Руслан ехаў на ровары, і разам з роварам людзі ў цывільным запхнулі яго ў мікрааўтобус з зацемненымі вокнамі. Руслан Ахрымчук запатрабаваў, каб невядомыя паказалі свае пасведчанні, але гэта было расцэнена як непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі – у дадатак да пратаколу за ўдзел у “ланцугу салідарнасці” 19-га чэрвеня.
Суд праходзіў праз скайп, і падсудны не меў магчымасці рэалізаваць свае законныя правы, лічыць віцебская блогерка Алена Янушкоўская:
– Чалавека пазбавілі права наняць абаронцу праз свой гэты суд анлайн. Па-другое, яго пазбавілі права азнаёміцца з матэрыяламі справы. І не атрымалася зрабіць хадайніцтва наконт сведкаў. Ен застаўся зусім безабаронны! Атрымліваецца, у судзе абвясцілі, што ў яго ёсць правы, і тут жа іх пазбавілі!
Суддзя Алена Грабянчук прысудзіла актывісту “Страны для жизни” 2 –е сутак арышту за непадпарадкаванне міліцыянтам і яшчэ 5 – за ўдзел у “ланцугу салідарнасці”, які праходзіў у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск