7 сутак Максіму Філіповічу



Гамельчука Максіма Філіповіча пакаралі 7 суткамі арышту за ўдзел у „Маршы недармаедаў” у Пінску. 

Гэта ўжо чацвёрты суд над відэаблогерам за аналагічную правіну. Раней яго судзілі за маршы недармаедаў у Гомелі, Берасці і Маладзечне. Суддзя Савецкага раённага суда Гомеля Андрэй Лагуновіч абгрунтаваў патрэбу ў арышце выхаваўчымі мэтамі.

Яшчэ да абвяшчэння прысуда ў калідоры Савецкага суда з’явіліся міліцыянты-канваіры. А сам суддзя Лагуновіч хуценька пакінуў судовую залю пад абураныя крыкі некалькіх дзясяткаў чалавек.

Максім Філіповіч:

– Я толькі выйшаў з арышту, але атрымаў зноў сем сутак. Як можна верыць пасля гэтага судовай сістэме?! Я апошні раз сказаў, калі мяне вымусілі: „Давяраеш суддзі ці не?”. Я сказаў: „Не давяраю сістэме”. Я ніводнаму суддзі не давяраю, ніводнаму. Дзякуй вялікі ўсім, хто прыйшоў мяне падтрымаць.  

Прысутная ў залі гамяльчанка Яўгенія Стрыжак заўважае, што суддзя нават не спрабаваў рабіць уражанне аб’ектыўнага разгляду справы:

– З пункту гледжання права, было такое ўражанне, што суддзя — не юрыст, а вось ведаеце, як бабулькі на вуліцы абмяркоўваюць міжсобку: “А той казаў, а гэты казаў…”. Вось такога ўзроўню прыкладна быў працэс. Абвергнуць ніякіх абвінавачанняў было немагчыма, бо суддзя проста не пачуў бы тых довадаў.

Максім Філіповіч стаў вядомым дзякуючы сваім відэаролікам, у якіх крытыкаваў Дэкрэт №3. 

Некаторыя ягоныя відэасюжэты набралі па некалькі сотняў тысяч праглядаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель