70 гадоў з дня нараджэння Генадзя Карпенкі



Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, навуковец Генадзь Карпенка нарадзіўся 17 верасня 1949 года ў Менску. У 1987 годзе стаў дырэктарам Маладэчанскага заводу парашковай металургіі. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэхналогіі матэрыялаў. Як навуковец зрабіў 50 вынаходніцтваў, укаранёных у 15 краінах свету. У 1994 годзе абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. Уганараваны Дзяржаўнай прэміяй.

У час першых дэмакратычных выбараў у парламент перамог на сваёй акрузе. Атрымаў пасведчанне дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га склікання, дзе кіраваў камісіяй па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 годзе ўзначаліў Маладэчанскі гарвыканкам, і за два гады правёў у горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваў музычны агульнабеларускі фэст нацыянальнай песні і тэатральны фэстываль “Сакавіца”, стварыў футбольны клуб. Сам пэўны час быў футбольным суддзём. Быў сапраўдным рэфарматарам, карэнным чынам дэсаветызаваў гарадскую тапанімію Маладэчна. У гэтым горадзе з’явіліся вуліцы Вялікі Гасцінец (замест Леніна), Грамадоўская, імя Францішка Скарыны, Язэпа Драздовіча… Была закладзена супраца Маладэчна з нямецкім горадам-пабрацімам Эслінген. У 1994 годзе Карпенка вылучаў сваю кандыдатуру на першых прэзідэнцкіх выбарах, але не знайшоў падтрымкі сваёй партыі і ў выніку не балатаваўся. Ён папрасіў сваю каманду на выбарах працаваць на Зянона Пазьняка.

У 1996 годзе Генадзь Карпенка, тагачасны намеснік старшыні Вярхоўнага савету ўжо наступнай кадэнцыі – 13-га склікання, кіраваў працэсам імпічменту прэзідэнта Лукашэнкі.

У 1998 годзе Карпенка стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэннем легітымнага тэрміну кіравання Лукашэнкі. Генадзь Карпенка ўваходзіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, быў аўтарытэтным лідарам беларускай апазіцыі і лічыўся найбольш верагодным кандыдатам ад дэмакратычнай супольнасці на наступных прэзідэнцкіх выбарах.

31 сакавіка 1999 году Генадзь Карпенка быў дастаўлены ў 9-ы менскі клінічны шпіталь з дыягназам “крывацёк у мозг”. 1 красавіка яму зрабілі аперацыю па выдаленні гематомы. Усе гэтыя дні знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленні шпіталю без прытомнасці. Генадзь Карпенка памёр а 7-й гадзіне раніцы 6 красавіка. Яму было толькі 49 гадоў.

Смерць палітыка была зусім нечаканай, бо перад гэтым ён ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе. Генадзь Карпенка памёр за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі, што незаконна працягвалі тэрмін ягоных паўнамоцтваў яшчэ на два гады. Праз месяц пасля смерці Карпенкі бясследна знік адзін з яго найбліжэйшых паплечнікаў – Юрый Захаранка, яшчэ праз паўгода другі – Віктар Ганчар. Многія людзі, у тым ліку сваякі Карпенкі, схільныя з’вязваць гэтыя трагічныя падзеі ў адзін ланцуг. Паводле адной з версій напярэдадні цяжкага інсульту Карпенка выпіў кавы з нейкай нікому невядомай журналісткай.

Пахаваны Генадзь Карпенка на менскіх Усходніх могілках. Жонка Людміла і двое дзяцей у студзені 2002 года эмігравалі ў нямецкі горад Эслінген. У 2009 годзе ў памяць палітыка выйшла кніга “Хроніка марных спадзяванняў” (яе аўтары – Святлана Калінкіна, Аляксандр Коктыш і Аляксандр Тамковіч). Быў зняты дакументальны фільм “Дзень “Ч”. У памяць Генадзя Карпенкі грамадзянскай супольнасцю праводзіцца міні-футбольны турнір.  

Беларускае Радыё Рацыя