70 гадоў з дня нараджэння Валерыі Навадворскай
Раней у мяне была адна абсалютная рэальная журналісцкая мара жыцця – паехаць у Маскву, дзе я ніколі не быў. Сама Масква мяне зусім не цікавіла і не цікавіць. Мне хацелася паехаць у гэтую вечную сталіцу зла толькі для таго, каб сустрэцца з адным чалавекам, а менавіта жанчынай, з якой ніколі не быў знаёмы асабіста, але якая была вельмі блізкай. Сустрэцца, каб задаць тыя пытанні, якія, як мне здавалася, ніхто яшчэ ніколі ёй не задаваў, хоць яна раздала безліч інтэрв’ю і каментароў розным журналістам. Каб атрымаць на гэтыя пытанні вычарпальныя адказы. Мара не збылася, таму што ў 2014 годзе Валерыі Навадворскай не стала на гэтым свеце. У пэўным сэнсе – гэта як страціць родную цётку, якую ты любіў яшчэ з дзяцінства і часта ўспамінаў яе словы. Перакананы, што многія тады ўспрынялі вестку пра смерць Валерыі Ільінічны менавіта так – праз асабістае перажыванне і душэўны боль.
Валерыя Навадворская нарадзілася 17 траўня 1950 года ў беларускіх Баранавічах, пэўны час жыла там у бабулі, вырасла ўжо ў Маскве. Ужо з юнацтва стала дысідэнткай, распаўсюджвала антысавецкія ўлёткі, выступіла супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, за што была арыштаваная і прымусова змешчана ў псіхіятрычную лякарню-турму. Выйшла адтуль пасівеўшай ужо ў 22 гады, але не скарылася. Працягвала змаганне ва ўсіх магчымых формах, доўга пераследавалася савецкімі спецслужбамі. Лічыла сябе патрыёткай Расеі, імкнулася да стварэння еўрапейскай Расеі, верыла ў свой ідэал і змагалася за гэта ўсё сваё жыццё. Такія жанчыны як Навадворская нараджаюцца для краіны сапраўды раз у сто гадоў. Такой асобай для Беларусі была наша вялікая паэтка Ларыса Геніюш. Для Расеі, для ўсёй постсавецкай прасторы, такой была Навадворская, якую ніхто не можа замяніць. Менавіта яна была тым індыкатарам-чалавекам, па меркаваннях якога можна было вымяраць сваю пазіцыю, погляды, прынцыповасць і разуменне тых, ці іншых палітычных працэсаў.
Некалі наш гарадзенскі святар Віктар Данілаў даводзіў нам пра панятак “святая нянавісць” у хрысціянстве, найперш, канешне, у дачыненні да граху. Мне здаецца, што Навадворская мела менавіта такую “святую нянавісць” да чырвона-карычневай чумы, усё жыццё яна змагалася супраць камунізму і яму падобных плыняў, супраць подласці і здрады. Выказвалася надзвычай катэгарычна, безапеляцыйна, але нейкай злосці, тым больш істэрыі, у яе ніколі не было. Рабіла гэта з дзіўна зачаравальнай іроніяй, прыводзіла надзвычай мастацкія вобразы. Яна сапраўды была хрысціянкай, хоць ніколі гэтага не афішавала. З біяграфіі ведама, што ў 1990 годзе ў веку 40 гадоў хрысцілася і прыналежала да Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Уся наша публіцыстыка, усіх тых, хто вучыўся ў яе востраму і хвосткаму слову, разам узятая, вартая хіба адсоткаў дзесяць ад таго, што пісала яна. Глыбінны інтэлект, шырачэзная эрудыцыя, неверагодны сарказм, пранікнёная дасціпнасць і непахісная прынцыповасць – усё гэта яна, Валерыя Навадворская. Зачароўвала яе веданне гісторыі, параўнальныя характарыстыкі, цытаванне класікі.
Малаверагодна, што мы дажывем да таго часу, калі імем Валерыі Навадворскай назавуць вуліцы ў Маскве, Кіеве, Баранавічах ці Менску. Хоць у Кіеве зараз і могуць. Навадворская ў гэтай вызвольнай вайне дэмакратычнай Украіны з імперскай Расеяй выступіла на баку справядлівасці, выступіла за Украіну, публічна абвесціўшы крамлёўскім уладарам сваю вайну. Верагодна, што гэтага ёй не даравалі. Хоць крамлёўскія вурдалакі крывадушна нават выказалі спачуванне блізкім памерлай. У іх вялікі досвед па фізічнай ліквідацыі іншадумцаў. Можна прыгадаць тут, як яшчэ ў 2003 годзе быў атручаны таленавіты і прынцыповы, светлай душы публіцыст і чалавек Юрый Шчакачыхін. Як былі забітыя Анна Паліткоўская, Сяргей Магніцкі і дзесяткі іншых людзей, якія апынуліся на дарозе ў маскоўскай дыктатуры. Занадта мазоліла ім вочы і няўрымслівая Навадворская, якая нікога і ніколі не баяліся. У кожным разе ўсё сваё жыццё Навадворская паклала на алтар свабоды паняволеных народаў савецкай імперыі зла. А значыць ахвяравала за свабоду кожнага з нас.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя