70 тысяч рублёў – за незаконную лоўлю рыбы ў чарнобыльскай зоне
Магілёўскі абласны суд 28 лістапада адхіліў скаргу двух жыхароў Касцюковіцкага раёна, прызнаных вінаватымі ў незаконнай лоўлі рыбы ў чарнобыльскай зоне.
Згодна з матэрыяламі справы, 30-гадовы Аляксандр Рыцікаў і 28-гадовы Раман Бруеў 5 мая ўстанавілі сеткі ў возеры Печанеж паблізу адселенай вёскі Гарбавічы Касцюковіцкага раёна. Вадаём знаходзіцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання на экалагічна нябяспечнай тэрыторыі. Нягледзячы на тое што лоўля рыбы ў возеры забароненая, прыяцелі ўстанавілі ў ім восем лёскавых сетак, агульная даўжыня якіх склала 600 метраў. Гэты спосаб лоўлі таксама з’яўляецца незаконным.
6 мая абвінавачваныя прыехалі на возера для таго, каб выцягнуць рыбу, якая патрапіла ў сеткі. Падчас выцягвання сетак яны былі заспеты на месцы злачынства супрацоўнікам Касцюковіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, які здымаў іх на відэакамеру. Мужчыны кінулі ўлоў і рыштунак і ўцяклі. Праўда, даведаўшыся, што іх ужо шукаюць следчыя, назаўтра яны самі з’явіліся ў раённы аддзел Следчага камітэта.
Браканьеры злавілі ў сеткі больш за 70 рыб: 36 лінёў, 34 залатыя карасі, аднаго шчупака звычайнага і адну плотку. Памер шкоды прыродзе склаў 2.544 базавыя велічыні, або 58.512 рублёў, і з’яўляецца асабліва буйным. 12.822 рублі браканьеры, якія раскаяліся ў сваіх дзеяннях, выплацілі яшчэ падчас суда першай інстанцыі, які 1 верасня прыгаварыў іх да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Таксама кожны з іх павінен выплаціць дзяржаве па 4.600 рублёў штрафу.
Акрамя таго, браканьеры абавязаны кампенсаваць дзяржаве салідарна рэшту некампенсаванай шкоды і кошт незаконна здабытай рыбы (усяго 45.930 рублёў), і яшчэ аплаціць судовыя выдаткі (2.296 рублёў). Такім чынам, з улікам ужо выплачаных грошай, абвінавачваныя павінны аддаць дзяржаве за незаконную рыбалку ў агульнай суме 70.248 рублёў.
Абвінавачваныя падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд. Яны сцвярджалі, што злоўленыя імі карасі былі не залатыя, а сярэбраныя, і прасілі паменшыць памер выплат. Аднак Магілёўскі абласны суд адхіліў скаргі фігурантаў і пакінуў прысуд без зменаў.
belapan.by