71 год з дня нараджэння Яўгена Шатохіна



25 лютага – споўніўся б 71 год знанаму беларускаму мастаку, педагогу, грамадскаму дзеячу Яўгену Шатохіну. Творцы заўчасна не стала ў студзені 2012 года.

Шатохін вядомы сваімі працамі ў краінах Еўропы, Амерыкі і Азіі. Ён уваходзіў у кіраўніцтва Саюза мастакоў, заснаваў у Пінску дзіцячую мастацкую школу ды працяглы час быў дэпутатам Пінскага Савета.

Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін кажа, што Шатохін стаў імгненна вядомы ў Пінску, калі арганізаваў яшчэ за савецкім часам выставу-акцыю “Горад, які ты страціў”:

– Гэта была выстава, дзе дэманстраваліся фотаздымкі страчанага Пінска, – старога Пінска з яго помнікамі архітэктуры. На той момант экспазіцыя музея не магла такога зрабіць. Выстава сабрала вялікую колькасць людзей, яны дыскутавалі, успаміналі. Гэта была сапраўды падзея.

Сёлета Пінскай дзіцячай мастацкай школе – 30 год. З гэтай нагоды прадстаўнікі грамадскасці маюць намер прапанаваць уладам надаць установе імя Яўгена Шатохіна.

Беларускае Радыё Рацыя