74 гады таму без суда і следства быў расстраляны Раман Скірмунт
74 гады таму, 7 кастрычніка 1939 года, у вёсцы Парэчча, што на Піншчыне, без суда і следства быў расстраляны буйны беларускі прамысловец і дзяржаўны дзеяч Раман Скірмунт. Злачынства здзейснілі прыхільнікі бальшавікоў. Скірмунт стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, ўваходзіў у кіраўніцтва БНР, прадстаўляў сацыяльна-палітычныя інтарэсы жыхароў краю ў польскім сенаце, фундаваў нацыянальны друк.
Краязнаўца з Пінска ўпэўнены, што самая галоўная задача неабыякавых грамадзянаў – усталяваць на ягонай магіле, у парэцкім парку, годны помнік:
-Хацелася б, каб нешта было зроблена і для яго. Я маю на ўвазе, што трэба зрабіць годны помнік. Бо стаіць жалезны крыж, які паставіла ініцыятыўная група з Пінска. Большасць людзей ужо няма ў жывых, хто ставіў крыж, хто яго зрабіў. Сапраўды, не хапае помніка.
Дарэчы, так склаўся лёс, што Раман Скірмунт знайшоў адвечны спачын на ўскрайку парка ў вёсцы Парэчча, які ўласна заклаў напачатку ХХ стагоддзя. Сюды ён звозіў розныя дрэвы і расліны з Еўропы і Амерыкі. Тут у натуральным прыродным асяроддзі расце рэдкае цюльпанавае дрэва. Парк з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Беларускае Радыё Рацыя