75 гадоў таму у Менску НКВД забіў Кастуся Езавітава



Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык, педагог Кастусь Езавітаў нарадзіўся 17 лістапада 1893 года ў горадзе Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Паходзіў з сям’і кадравага афіцэра. У 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. Быў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У першую сусветную вайну праводзіў актыўную асветніцкую працу сярод жаўнераў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. У лютым 1918 года стаў камендантам Менску. За ўдзел у працы Першага Усебеларускага кангрэсу і дзейнасць па стварэнні беларускага войска ў студзені 1918-га быў арыштаваны чэкістамі, але здолеў уцячы. Пасля адступлення бальшавікоў быў прызначаны камендантам Менску і Менскага гарнізону. 

25 сакавіка 1918 году быў у ліку тых, хто абвяшчаў БНР, уваходзіў у склад яе Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (па-сутнасці міністра абароны). У сакавіку 1919-га прызначаны вайсковым камендантам Гародні. У 1919-20 гадах Езавітаў быў кіраўніком вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпламатычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, звяртаўся з просьбай пра ваенную дапамогу да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраенне і забеспячэнне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса Станіслава Булак-Балаховіча. У траўні 1920 года “за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі” атрымаў вайсковае званне генерал-маёра.

У 1921-44 гадах жыў і працаваў у Рызе, узначальваў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне ў Рызе. Дзякуючы Езавітаву, беларуская супольнасць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Быў намеснікам старшыні таварыства “Бацькаўшчына” ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае таварыства. Быў кіраўніком Люцынскай беларускай гімназіі, якая выхавала многіх сведамых беларусаў. Браў удзел у Пражскай і Берлінскай палітычных канферэнцыях. Рэдагаваў газету “Голас беларуса” і часопіс “Беларуская школа ў Латвіі”. За сваю нацыянальную працу ажно чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах).

Кастусь Езавітаў, Кемеры, Латвія, 1934 год

У час другой сусветнай вайны займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. У 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР. Езавітаў працаваў над адкрыццём беларускіх школаў, займаўся парадкаваннем архіву БНР і навуковымі даследзінамі. Кастусь Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве – вядомыя яго працы “Беларусы ў Літве”, “Беларусы ў Латвіі”, “Беларусы і палякі”, аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча.

Кастусь Езавітаў быў затрыманы савецкай контрвыведкай СМЕРШ у красавіку 1945 года. Паводле афіцыйнай версіі, памёр у час “следства” ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946 году, паводле іншых звестак расстраляны ў засценках НКВД у Менску. Месца пахавання засталося невядомым.

Цікавы артыкул пра Кастуся Езавітава быў надрукаваны ў газеце „Новы Час” у 2013 годзе гарадзенцам Алесем Кіркевічам.

Беларускае Радыё Рацыя