75 гадоў з дня нараджэння Аляксея Караля
Беларускі гісторык, палітолаг, рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль нарадзіўся 29 траўня 1945 года ў мястэчку Копысь (Аршанскі раён, Віцебская вобласць). Яго бацька, які родам з Бярэзінскага раёну, пасля фронту працаваў партыйным сакратаром і старшынём выканкаму Смаргонскага раёну Гродзенскай вобласці, пазней – дырэктарам бровару ў Маладэчне. Маці працавала настаўніцай.
Да сёмага класу Аляксей Кароль навучаўся ў школе Смаргоні. Школу скончыў у Маладэчне. У 1964-1967 гадах, пасля сканчэння 10 класаў, цягам трох гадоў служыў танкістам у савецкім войску. Служыў у частцы, якая размяшчалася за мяжой у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.
У 1971 годзе Аляксей Кароль скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытуту. Кандыдацкую дысертацыю абараніў па тэме пасляваеннай акупацыі Нямеччыны ў 1945-47 гадах. Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук БССР, Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Аўтар трох кніг і манаграфій: пра Першую расейскую рэвалюцыю 1905-1907 гадоў, пра Другі з’езд РСДРП і пра Усевалада Ігнатоўскага. Найбольш ведамая з яго гістарычных прац трэцяя кніга, якая была напісана ў суаўтарстве з Іларыёнам Ігнаценкам пад назвай “Усевалад Ігнатоўскі і яго час”. У канцы 1980-ых гадоў Кароль пісаў даведкавую інфармацыю пра рэабілітацыю Змітра Жылуновіча і Усевалада Ігнатоўскага, а таксама іншых “нацдэмаў”, рэпрэсаваных у 1920-ыя-30-ыя гады дваццатага стагоддзя.
Аляксей Кароль быў актыўным у беларускім партыйным жыцці. Адзін з заснавальнікаў Партыі народнай згоды, якая была створана ў красавіку 1992 года, пэўны час быў намеснікам яе старшыні (пазней гэтая партыя трансфармавалася ў праўладную фармальную структуру). Некалькі разоў Кароль быў ініцыятарам аб’яднання сацыял-дэмакратаў. У 2004 годзе балатаваўся ў Вярхоўны Савет, вылучаўся кандыдатам у Маладэчне. У час кампаніі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна і працаваў у яго штабе.
З 1992 году выдаваў незалежную газету “Згода”, якую закрылі за два дні да выбараў 17 сакавіка 2006 года – фармальна за перадрукаваныя карыкатуры на прарока Мухамеда. Па факце неабачлівага перадруку гэтых карыкатур была пачатая крымінальная справа, у якой Аляксей Кароль быў сведкам. На 2001 год Аляксей Кароль быў намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”. Гэтая партыя некалькі разоў перажывала раскол і дзялілася на часткі.
З 2007 года Аляксей Кароль працаваў галоўным рэдактарам газеты “Новы час”. За працу ў гэтай газеце ён здабыў свой найбольшы аўтарытэт. 3 чэрвеня 2008 г. перамог у Міжнародным конкурсе журналістаў імя Найта, узнагароду за ўдзел у якім 12 лістапада ўручыў Міжнародны цэнтр для журналістаў (Вашынгтон, ЗША). У 2009 годзе атрымаў узнагароду ў намінацыі “Вольная прэса ва Усходняй Еўропе” ад Фонду Цайт (Нямеччына) і Фонду Вольнага Слова (Нарвегія). Узнагарода была ўручана 3 чэрвеня 2009 года ў Нарвежскім Нобелеўскім Інстытуце ў Осла. У чэрвені 2015 года выпусціў дакументальны фільм “1990-ыя: Як гэта было, і які шлях мы не прайшлі. Тады Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадскім жыцці Беларусі. Апошнія тры месяцы правёў ў сям’і сына ў Сінгапуры, дзе праходзіў курс лячэння. Там памёр 12 верасня 2015 года. Прах пахаваны на мінскіх Паўночных могілках.
Беларускае Радыё Рацыя