75 гадоў з дня смерці Васіля Захаркі
75 гадоў таму, 14 сакавіка 1943 года, у чэшскай Празе памёр Васіль Захарка, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР з 1928 года.
Нарадзіўся ён 1 красавіка 1877 года ў вёсцы Дабрасельцы (Зэльвенскі раён). Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 года – настаўнік царкоўнапрыходскай школы. Вытрымаў экзамен па праграме юнкерскай вучэльні і расійскай гімназіі. З 1898-га працяглы час на ваеннай службе. У 1917 г. сябра БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езду, абраны сябрам рады. Арыштоўваўся бальшавікамі ў студзені 1918 г. З лютага 1918 г. у складзе народнага сакратарыяту БНР, скарбнік у гэтым урадзе. Вёў перамовы з нямецкімі ваеннымі ўладамі па справе канфіскаваных грошай, абраны сябрам фінансавай камісіі Рады БНР. Пасля займаў розныя міністэрскія пасады. З мая 1918 г. – кіраўнік друкарні Народнага сакратарыяту БНР. Разам з Макарам Касцевічам абраны Мінскай думай міравым суддзём. У ліпені 1918 г. увайшоў у склад кабінету Янкі Серады, заняўшы пасаду народнага сакратара фінансаў. Міністр фінансаў ва ўрадзе Антона Луцкевіча. У снежні 1918 г. – у Вільні.
Прыехаў у Гародню ў снежні 1918 г., як ганаровы госць прысутнічаў на Гарадзенскім беларускім сялянскім з’ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі міністэрства беларускіх спраў Літвы. Сябра Гарадзенскага БНК і клубу “Беларуская хатка”. У снежні 1918 г. удзельнічаў у перамовах БНК з Гарадзенскай управай. Вёў дыпламатычную працу з немцамі. Разам з Антонам Луцкевічам даслаў некалькі нотаў пратэсту ад імя ўраду БНР супраць захопу беларускіх зямель. З другой паловы лютага 1919 г. – ва Украіне, дзе шукаў грошы для БНР. У траўні 1919 г. – у Берліне. У чэрвені 1919-га – у Коўне як часовы намеснік старшыні ўраду БНР. Потым зноў у Берліне, дзе фактычна выконваў абавязкі кіраўніка беларускага ўраду.
Пасля расколу Рады БНР у канцы 1919-га Захарка абраны намеснікам старшыні Прэзідыума Народнай Рады БНР, потым урадам Луцкевічам адхілены з пасады міністра. Ішлі сваркі. Зноў прыехаў у Гародню ў сакавіку 1919-га з Берліна. Прысутнічаў на паседжаннях ураду БНР у Гародні 18 і 21 сакавіка. Выступіў 25 сакавіка 1919 года на развітальнай вячэры, прысвечанай ад’езду Язэпа Варонкі. Як прадстаўнік ураду БНР удзельнічаў у адкрыцці І-га беларускага настаўніцкага з’езду Гарадзеншчыны. Ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву Цвіркі-Гадыцкага аб далучэнні Беларусі да Польшчы. Неўзабаве Выехаў з Гародні ў Берлін.
У канцы 1919 г. быў у Менску, хаваўся ад арышту польскімі ўладамі. На пачатку 1920 г. зноў у Берліне, потым у Празе. Удзельнічаў у нарадзе прэзідыума Рады БНР і ўрада Вацлава Ластоўскага ў Рызе. Потым вёў місію БНР у Маскве. Пасля ў Рызе, зноў у Коўне. Намеснік старшыні 1-й Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 г. У 1923-ім – міністр фінансаў ва ўрадзе Цвікевіча. Пасля 2-й Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. Застаўся ў эміграцыі ў Чэхіі. Намеснік старшыні Рады БНР, з сакавіка 1928 да сакавіка 1943-га – Прэзідэнт Рады БНР. Збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Ларысу Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР.
Магіла Пелагеі і Васіля Захаркаў на Альшанскіх могілках
Пахаваны Васіль Захарка на пражскіх Альшанскіх могілках. Памяць пра яго ў Беларусі дагэтуль не ўшанавана.
Беларускае Радыё Рацыя