76 гадоў таму пачалася Другая сусветная вайна
1 верасня мінае 76-ая гадавіна пачатку агрэсіі нацысцкай Нямеччыны супраць Польшчы.
Традыцыйныя ўрачыстасці ў памяць пра пачатак Другой сусветнай вайны прайшлі сёння на Вестэрплатэ ў Гданьску. І сёння, праз тры чвэрці стагоддзя, Другая сусветная вайна па-рознаму ўспрымаецца ў розных краінах свету. Няма нават супольна вызначанай даты яе пачатку, адзначае ў гутарцы са Змітром Косціным беларускі гісторык прафесар Універсітэта ў Беластоку Яўген Мірановіч.
Яўген Мірановіч: Для чэхаў яна пачалася ў 1938 годзе, для палякаў – у верасні 1939 года, для СССР – у чэрвені 1941-га, для румынаў гэта таксама 1941 год. Для балканскіх народаў 1940 год быў самым вырашальным, калі Італія выступіла супраць Грэцыі. Амерыканцы лічаць, што для іх вайна пачалася ў снежні 1941 года, а калі спытаць кітайцаў, то яны адкажуць, што вайна пачалася ў 1938 годзе.
Тут кожны мае сваё бачанне гэтага канфлікту. І сёння мы будзем сведкамі святкавання ў Кітаі заканчэння вайны. Для Азіі яна скончылася ў верасні 1945 года. А мы ўжо адсвяткавалі ў траўні 1945 года. Была толькі спрэчка калі: 8-га ці 9-га траўня.
РР: Тым часам у СМІ паасобных краінаў складваецца ўражанне, што Другая сусветная вайна неяк па-рознаму адбывалася.
У Польшчы апошнім часам усё больш гаворыцца пра канфлікт і агрэсію Савецкага Саюзу ў дачыненні да Польшчы ды змаганне з савецкай акупацыяй. І амаль не гаворыцца пра змаганне з Нямеччынай і нямецкую акупацыю.
Ва Украіне больш увагі аддаецца не халакосту, а ўкраінскай паўстанцкай арміі і змаганню з Саветамі пасля Другой сусветнай вайны. Чаму толькі нейкія элементы таго, што адбывалася ў той час, на сённяшні дзень прамуюцца і выносяцца наперад?
Яўген Мірановіч: Гэта сучасныя палітычныя патрэбы. Вядома, Нямеччына цяпер – саюзнік Польшчы. Таму не прыпадае нагадваць саюзніку, што той быў агрэсарам. А Расея як спанкаемца Савецага Саюзу пастаўлена цяпер у ролі новага ворага, таму акцэнт робіцца на 17 верасня.
Калі казаць пра ўкраінскую паўстанчую армію, то варта браць зноў пад увагу сучасныя палітычныя патрэбы. Калі іх зрабілі героямі змагання за свабоду ўкраінскага народа, тады ж 8 мільёнаў украінцаў загінула ў змаганні з Нямеччынай. Але гэта ж таксама не ўпісваецца ў сучасную міфалогію.
РР: Пры гэтым на ўсходзе Еўропы мы бачым іншую з’яву: там змагаюцца супраць перапісвання гісторыі і прапануюць успрымаць яе толькі ў адным каноне – савецкім. Ці згодны вы з такім канонам гісторыі, дзе роля Савецкага Саюзу ў пачатку Другой сусветнай вайны крыху адводзіцца ў бок, дзе пытанне акупацыі, напрыклад, балтыйскіх краінаў ці Бесарабіі проста знікае?
Яўген Мірановіч: Расея таксама мае сваю гістарычную палітыку. Я маю ўражанне, што Савецкі Саюз не так усхваляецца, як царскі перыяд.
Нядаўна глядзеў дакументальны фільм пра Першую сусветную вайну. І там было пастаўлена пытанне: хто вінаваты ў прайграванні Расеі? Адказ аказаўся даволі просты: ліберальная апазіцыя супраць цара была вінаватая. Яна разварушыла той парадак, які перашкаджаў мабілізаваць насельніцтва, гаспадарку і ўсё іншыя сродкі для перамогі.
Таму сучасная палітычная патрэба ёсць у паказе той ліберальнай апазіцыі як антыцарскай. Аднак узгадвалася, што гэтым паслабленем Расеі скарысталіся бальшавікі, якія прывялі да катастрофы. Але да іх не ставіліся, як да святых, якія вялі расейскую дзяржаву да нейкай светлай будучыні.
У кантэксце Другой сусветнай вайны гаворыцца, што была ўключана ў склад СССР Латвія, Літва, Эстонія. Але ж там паказваецца, што патрэбы савецкай імперыі былі ў гэтым. Хочаш ці не, але згадваецца, што пацярпелі іншыя народы, але Савецкі Саюз імкнуўся да таго, каб усім было добра. РР: Як вы думаеце, ці дажывём мы да таго часу, калі памяць пра Другую сусветную вайну будзе перш за ўсё ушанаваннем памяці мільёнаў ахвяраў, а не правядзеннем пампезных парадаў і ўрачыстасцяў?
Яўген Мірановіч: Мне здаецца, што штосьці такое ўжо наступае. Так, ёсць пампезныя імпрэзы, дзе палітыкі імкнуцца адшукаць для сябе папулярнасць пры нагодзе. Але таксама я гляджу, што нават у Савецкім Саюзе, дзе пра загінулых салдат забыліся на дзясяткі гадоў, цяпер шукаюць магілы, на гэта выдзяляюцца сродкі, ушаноўваецца іх памяць. Нават у гэтым годзе падчас святкавання 9 траўня людзі ішлі з партрэтамі сваіх загінулых на вайне продкаў, прыпамінаючы ўсім, што менавіта яны былі героямі Другой сусветнай. І не было ні слова пра Сталіна, Жукава і іншых славутых генералаў. Іх імёны былі цалкам адведзены дзесьці ў нябыт.
Другая сусветная вайна стала найбольш маштабным канфліктам у гісторыі чалавецтва. Толькі ў Еўропе яе ахвярамі сталі больш за 60 мільёнаў чалавек.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя