76-я гадавіна пачатку дэпартацыі палякаў у Сібір



Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні сумесна з непрызнаваным беларускімі ўладамі Саюзам палякаў арганізавалі жалобныя ўрачыстасці, прысвечаныя 76-й гадавіне пачатку дэпартацыі савецкімі ўладамі палякаў у Сібір.

departacyja1

Больш за трыццаць чалавек прыйшлі да мемарыяльнай дошкі ахвярам сталінскіх рэпрэсій, каб малітвай, запальваннем знічаў і ўскладаннем вянкоў ушанаваць памяць соцень тысяч жыхароў Заходняй Беларусі, якія былі прымусова дэпартаваныя на поўнач Савецкага Саюза.

Як зазначае старшыня таварыства вязняў Сібіры Галіна Якалцэвіч, тагачасныя дзеянні савецкіх уладаў былі не чым іншым, як генацыдам у дачыненні да прадстаўнікоў польскай меншасці:

– Дзеткі ў адных кашульках сядзелі на рэльсах, мерзлі. Яны паміралі ад холаду. Не ведаем, даехалі тыя людзі ці не, бо ніхто з іх не вярнуўся назад.

Дэпартацыя палякаў у Сібір, якая пачалася 10 лютага 1940 года, была першай з чатырох падобных акцый, якія паспела ажыццявіць савецкая ўлада да пачатку вайны з Германіяй. У выніку гэтых дзеянняў, каля мільёна чалавек было выслана ў Сібір. Больш за 150 тысяч, пераважна дзеці і людзі сталага веку, страцілі жыццё.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня