«Успамінаю — і слёзы набягаюць»



76 гадоў таму адбылася адна з масавых дэпартацыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў верасні 1939 года, была далучана да Усходняй, савецкай Беларусі.

Даніну памяці яе ахвярам аддалі ў Менску на мерапрыемстве «Зніч памяці», якое арганізаваў аргкамітэт па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб’яднання «Вяртанне памяці».

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах гістрыка Ігара Кузняцова, гэтая дэпартацыя была толькі часткай вялікай хвалі рэпрэсіяў, якія абрынуліся на Заходнюю Беларусь

Першая дэпартацыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі была 10 лютага 1940 году. Было выслана 54 тысячы чалавек. Другая дэпартацыя адбылася 13 красавіка —. выслана 23 тысячы. Наступная ў чэрвені 1940. Потым чэрвень 1941 года. І дзве пасляваенныя дэпартацыі — у 1951 і 1952 гадах.

Дэпартацыя 13 красавіка 1940 года была найбольш цынічнай. Тады па  рашэнні палітбюро камуністычнай партыі СССР ад 5 сакавіка 1940 году была вынесена пастанова аб расстрэле афіцэраў польскай арміі, у тым ліку і тых, якія знаходзіліся ў турмах Заходняй Беларусі. І была таксама дадзена каманда арыштаваць сем′і афіцэраў польскай арміі, а таксама асаднікаў, паліцэйскіх, жандараў, іншых дзяржаўных служачых. І выслаць іх на 10 гадоў у аддаленыя раёны Савецкага Саюзу.  У асноўным гэтая высылка ішла ў Казахстан. Адных расстрэльвалі, а членаў сямей у гэты час высылалі.

 13 красавіка 1940 года было выслана 8 тысяч 600 сямей. Гэта прыкладна каля 24 з паловай тысяч чалавек. Гэта па афіцыйных звестках. А па неафіцыйных, — я лічыў яшчэ і па іншым крыніцам, —нідзе не ўлічваецца, што высылалі ў Заходнюю Сібір. А калі я там працаваў і збіраў сведчанні пра ахвяраў рэпрэсіяў, я знайшоў яшчэ каля 2 тысяч прозвішчаў людзей, якія былі высланы ў Томскую вобласць цяперашняй  Расейскай Федэрацыі. Таму гэта мінімальныя лічбы, а рэальныя лічбы красавіцкай высылкі 1940 года, калі сыходзіць з разлікаў колькасці арыштаваных — 3 870 афіцэраў польскай арміі знаходзілася ў турмах і сярэдняй колькасць сямей,  4 – 5 чалавек, дык выходзіць, што высланых павінна быць значна большай.

Таму пытанне далёка не закрыта. Праблема застаецца. Імянных спісаў дэпартаваных мы таксама не маем.  Нешта было страчана, але частка інфармацыі ёсць у той базе, якая стваралася Упраўленнем па архівах і справаводстве. І зараз трэба актуалізаваць гэтую інфармацыю, вярнуцца да яе, назваць новыя прозвішчы. У рэшце рэшт, тая інфармацыя, якая не ўвайшла ў Кнігі памяці, павінна быць хоць у нейкай форме апублікавана.  Каб успомніць імёны тых людзей, якія былі высланыя 13 красавіка 1940 года і ў час іншых дэпартацыяў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA 

Кандыдат гістарычных навук, рэдактар сайта «Гістарычная праўда» Ігар Мельнікаў  лічыць, што тэма сталінскіх рэпрэсіяў вельмі важная і актуальная, бо ад яе залежыць выхаванне свядомасці беларусаў. Бо без таго, каб канчаткова разлічыцца са сталінскімі злачынствамі, цяжка ўявіць фарміраванне  беларускай нацыі.

— Таму варта памятаць, як адбываліся рэпрэсіі, як адбывалася  ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй, і якім коштам гэта адбывалася. І канешне, варта памятаць ахвяраў, людзей, жыхароў Заходняй Беларусі, якія прайшлі праз пекла ГУЛАГу і засталіся людзьмі. Пра ўсё гэта варта расказваць. І расказваць не на навуковых канферэнцыях і не на пасяджэннях палітыкаў,  а менавіта ў грамадстве, для сённяшніх беларусаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

87-гадовы Уладзімір Ясюкевіч  быў дэпартаваны з усёй сваёй сям’ёй, калі яму было толькі 11 гадоў:

— Пад адной страхой жыло ўсё наша сямейства. Я з мамай і сястра 5 годзікаў. Яшчэ родны брат бацькі, жанаты і з сынам. І яшчэ адзін брат бацькі — халасцяк. І дзядуля — 70 гадоў.  І вось нас пасадзілі ў вагончыкі і павезлі. 13 красавіка мы выехалі, а дзесьці ў маі месяцы мы былі на станцыі Петухова каля паўночнага Казахстану. Выгрузілі. І тут жа машынкі стаяць грузавыя. Нас пасадзілі ў машыны і павезлі. Везлі, везлі і прывезлі ў саўгас імя Будзённага Паўночна-Казахстанскай вобласці. Высадзілі з машынаў і павялі ў дамы. Наш дом быў хутчэй падобны да зямляначкі, нявелькі такі,  можа, 25 квадратных метраў. Нас было 8 членаў сям′і. І яшчэ адна сям′я — маці і 3 сыны. І вось у гэтую хатку нас засялілі. І пачалося галоднае жыццё і цяжкая праца. Кармёжкі ніякай не было. Ні лазні, нічога. Было страшнае палажэнне. Столькі гадоў прайшло, а калі пачынаю ўспамінаць, дык ў мяне слёзы на вочы нацякаюць. Страшнае дзела, страшнае. OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Падчас гэтай імпрэзы прагучалі і іншыя расповеды сведак трагічных дэпартацыяў, якім пашчасціла выжыць. Выступілі Зінада Тарасевіч, Людміла Лаўрынюк, Антон Сланімскі. Былі прачытаны вершы былога вязня ГУЛАГУ, паэта Сяргея Грахоўскага. Бард, музыка Алесь Галіч выканаў некалькі песень. Арганізатары «Зніча памяці» плануюць і надалей працягнуць такія сустрэчы  і працягнуць расповед пра трагедыі масавых рэпрэсіяў сталінскіх часоў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя