77 гадавіна дэпартацыі палякаў з Піншчыны
77 гадоў таму з Пінска пачалася дэпартацыя так званых “ворагаў народа”. У першую чаргу бальшавікі вывозілі вайскоўцаў, паліцэйскіх, урадоўцаў і землеўласнікаў з іх сем’ямі.
Рэпрэсіі працягваліся да ўварвання нацыстаў у чэрвені 1941 года. Дагэтуль у Пінску жывуць тры чалавекі, якія прайшлі праз сталінскія лагеры, змаглі выжыць і вярнуліся ў родны горад.
Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін прыводзіць у якасці прыкладу сям’ю Хелены Шаламіцкай, якую вывезлі з-за яе брата, што быў малодшым афіцэрам:
– Сям’я яе была вывезена за тое, што ў яе брат быў малодшым афіцэрам у складзе Войска Польскага, з-за гэтага была пакараная ўся сям’я. Яны былі высланыя, у ссылцы яны знаходзіліся са многімі вядомымі людзьмі. Яны вярнуліся ў Пінск і засталіся тут жыць са спадзяваннем на тое, што даведаюцца пра лёс свайго брата.
Дакладная лічба рэпрэсаваных на Піншчыне ў 1940-41 гадах не вядомая, але паводле краязнаўцы, можа складаць ад 5 да 10 тысяч. Многія вязні пінскай турмы ў першыя дні нападу нацыстаў былі забітыя чэкістамі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя