“8-9 траўня для нас – Дні Памяці, а не Перамогі!”
Увесь цывілізаваны свет святкуе Перамогу ў Другой сусветнай вайне 8 траўня, калі ў 1945 годзе быў падпісаны акт капітуляцыі фашысцкай Германіі. Былая дзяржава СССР адзначала перамогу асобна. Маўляў, Сталін зрабіў гэта дзеля таго, каб падкрэсліць сваю і СССР выключную ролю ў вайне і перамозе. Тое ж самае дэманструе і пуцінская Расея. Пра сучаснае ўспрыманне 9 траўня – як Дня Перамогі ці Дня Памяці – кажуць лідары апазіцыі ў Лідзе. Адпаведна – кіраўнік гарадской арганізацыі Партыі БНФ ды Моладзі БНФ Уладзімір Круцікаў і Сяржук Сідарэнка.
РР: Спадарства, ці хадзілі Вы, ходзіце на мітынгі, на ўскладанне кветак ля штучна зробленага ў горадзе ў савецкія часы Кургана Славы?
Круцікаў: Не хаджу туды гадоў з 25 дакладна – раней зганялі! Памерлы бацька таксама не хадзіў – прыходзілі зазвычай пару-тройку знаёмых партызанаў ды былых вайскоўцаў, каб успомніць былых сяброў-аднапалчан і праз што давялося прайсці…
Сідарэнка: Прайшліся зараз па горадзе – ніякай помпы былых год няма. Вісяць стужкі і адзін плакат на цэнтральнай плошчы з Леніным на задворках. Няма ў мяне нічога агульнага з гэтым святам. Я не ваяваў, Савецкага Саюза з камунізмам няма, а фашызм хіба ў Расеі…
РР: Васіль Быкаў казаў, што ёсць некалькі 9 траўня – адно для Сталіна, другое для калгаснікаў, што не мелі пашпартоў і для вязняў ГУЛАГа, што атрымалі хоць якую надзею на вызваленне…
Круцікаў: Я увогуле лічу, што нам, як і ўсяму свету, трэба было б святкаваць 8 траўня. Менавіта зараз, калі крамлёўскія шавіністы Дзень Перамогі карыстаюць для таго, каб выбраўшы гістарычна сумнеўныя георгіеўскія стужкі, крычаць на ўсіх перакрыжаваннях – “гэта мы, а не вы перамаглі!” А куды падзець два з паловай мільёны забітых беларусаў?! Іх палітую крывёй Перамогу і жыцці?!
Сідарэнка: Усё ж у мінулыя гады падавалася не як “усенародная барацьба”, а як змаганне фашызму з камунізмам, што, нібы, скончылася перамогай апошняга. І ён, маўляў, пераможа Злучаныя Штаты і Велікабрытанію надалей. Не прыгадвалася вайна ў Афрыцы “саюзнікаў” з нацыстамі і вайну з японцамі ЗША, што на сваіх плячах вынесла ў Атлантыцы. А тых дывізій, каб яны былі “вызваленыя”, магчыма, хапіла б , каб даціснуць той жа Сталінград…
РР: Можна і Монтэ-Касіна прыгадаць, дзе ў арміі Андэрса штурмавала, як лічылася, непрыступную горную крэпасць у Італіі шмат беларусаў. Уладзімір, вы прыгадалі свайго бацьку, які, я ведаю, служыў у адным палку з Якавым Джугашвілі, сынам Сталіна. І ў яго была да скону ўласная версія, адрозная ад афіцыйнай – нібы, спробы абмену яго на фельдмаршала Паўлюса. Версія, якую ён завяшчаў Вам абнародаваць пасля смерці – не знікнення, але гібення Якава?
Круцікаў: Так, бацька служыў у 292-м механізаваным артылерыйскім палку. Пра Якава Джугашвілі казаў як пра патрабавальнага камандзіра, які дамагаўся ад падначаленых, каб умелі трапна страляць. Але і быў спачувальны – калі ў саслужыўцаў, не зважаючы на тое афіцэр ці жаўнер, нехта памёр, заўжды дапамагаў грашыма са свайго “неаднаўляльнага крэдыту”. Любіў і разам з усімі зладзіць “банкеты”, дзе таксама ўсіх частаваў… Ад пачатку вайны іх полк знаходзіўся ў Падмаскоўі ля чыгуначнай станцыі Кубінка. Пасля заняў абарону каля Віцебска для прыкрыцця Старой Смаленскай дарогі, па якой адыходзілі разбітыя немцамі савецкія часткі. Бацька, што быў камузвода, цягам трох дзён стаў камбатам замест забітага – такія гарачыя былі баі. Расказваў, што на чацвёрты дзень энкавэдзісты пасадзілі Якава ў “легкавушку”, каб адвезці ў тыл. Але на пагорку з’явіўся нямецкі танк, снарад з якога туды трапна патрапіў. І ніхто да іх не падыходзіў, каб высветліць што адбылося з сынам Сталіна і ці жывы ён. Мо й выжыў, але звычайна пасля прамога пападання такога не адбывалася. Бацька, прынамсі, да смерці лічыў, што пра палон – усё казкі.
РР: У чым адрозненне ўспрымання 9 траўня ў Расеі і Беларусі?
Сідарэнка: У савецкія часы яно ўсім падавалася як перамога камунізму над фашызмам. У сённяшняй Расеі яно на імперскіх прынцыпах, як “Дойчланд ю бэр аллес”, як тая саломінка – аб’ядноўвае нацыю, таму й паўсюдна і георгіеўскія лентачкі. У нас у Лідзе – не.
РР: А што для Лукашэнкі 9 траўня?
Сідарэнка: Гэта таксама сакральная дата, што яднае яго з савецкім мінулым. Адмовіцца ад яе – для яго застанецца пустэча.
РР: Якія б словы сказалі суайчыннікам гэтым днём?
Круцікаў: Была цяжкая вайна, фашызм перамаглі. І ніхто не хацеў паміраць. Гэта і павінен быць не Дзень перамогі, а Памяці па загінулым пасля 8-га. А жыць хацелі ўсе, ня гледзячы што погляды ва ўсіх былі розныя…
Сідарэнка: І каб такія страшныя дзянькі больш ніколі не паўтараліся!
У Лідзе заўтра, 9 траўня, адбудзецца афіцыйнае ўскладанне вянкоў ды кветак да Кургана Славы. Мясцовыя ўлады прымусова, як у мінулыя гады, нікога з працоўных на прадпрыемствах прыйсці туды не прымушалі.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара