8 красавіка – Міжнародны дзень цыганоў
У Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 2009 года, пражывае звыш 7 тысячаў прадстаўнікоў народу рома. Адна з найбольш вялікіх цыганскіх абшчынаў знаходзіцца ў Гомелі.
Праваабаронца Алесь Яўсеянка заўважае, што матэрыяльна-прававое становішча цыганоў пагаршаецца ва ўмовах крызісу.
– Цыганы людзі закрытыя, ісці на канфлікт з дзяржавай ніколі не будуць, бо іх заўсёды робяць “крайнімі” у канфліктных сітуацыях і аўтаматычна пазіцыя супраць іх праваахоўных органаў. А праблемы засталіся тыя ж, якія былі: беспрацоўе, тым больш, што зараз большасць прадпрыемстваў стаіць.
Прадстаўнік народу рома Вячаслаў непакоіцца, што дэкрэт №3 „Аб супрацьдзеянні сацыяльнаму ўтрыманству” будзе скіраваны на цыганоў.
– З прыняццем гэтага Закону ўсе імкнуцца ўладкавацца на працу, але большасць – безвынікова. Паўсюль – адмовы. Вось нават мая жонка працуе, а яе спрабуюць скараціць.
У Гомелі пражывае каля 3 тысячаў грамадзянаў цыганскай нацыянальнасці.
* * *
Віктар Главацкі, цыганскі барон Беларусі, павіншаваў са святам:
– Хачу павіншаваць з міжнародным святам – 8 красавіка – свята цыганоў, усіх цыганоў, якія пражываюць паўсюль, па ўсім свеце. Сталыя людзі гэтага не ведаюць. Бывае фестывалі робім, галоўнае, што мы адчулі гэтае свята і хочам, каб маладыя людзі адчулі. Я думаю, што мы будзем гэты дзень адзначаць. Гэта ўсё ж такі наш дзень. І мы будзем падымаць яго – наш дзень.
Згодна з перапісам насельніцтва 2009 года ў Беларусі пражывалі 7.079 цыганоў.
Беларускае Радыё Рацыя