8 лютага працягнецца суд над Бельчуком



У судзе Маларыцкага раёна працягваецца разгляд справы фермера Аляксандра Бельчука. Пасля пяцідзённага перапынку судом былі дапытаны як сведкі яшчэ двое супрацоўнікаў МУС, паведамляе сайт “Берасцейская вясна”. Падрабязней кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Той артыкул, які інкрымінуюць Алесю Бельчуку, адносіцца да катэгорыі злачынстваў супраць кіравання дзяржавай. І дзяржава сёння будзе рабіць усё, каб прыцягнуць яго да адказнасці. Тым больш ён ужо адсядзеў 3 месяцы, і наступнае пакаранне як рэцыдывіст ён менш, чым папярэднім разам, не атрымае. Іншая рэч у тым, што я бачу, як у суда і пракуратуры ўзніклі пытанні да супрацоўнікаў міліцыі. І я спадзяюся, што гэтыя пытанні яны давядуць да канца і ўсе вінаватыя ў гэтым будуць пакараныя.

Тым часам у судзе быў абвешчаны чарговы перапынак. Працяг разгляду справы Аляксандра Бельчука, якога вінавацяць у нападзе на берасцейскага АМАПаўца Дзяніса Зянюціча, адбудзецца 8 лютага ў 14:15.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце-Маларыта