8 Сакавіка – святкуем ці не?



Напярэдадні жаночага свята 8 Сакавіка ў Бярозе ледзь не на кожным рагу прадаюцца цюльпаны. Безліч чырвоных, жоўтых, аранжавых, бэзавых кветак прадаўцы прапануюць мінакам па цане ад паўтара да двух рублёў.

І хоць цэны не кусачыя, пакупнікоў пакуль няшмат. Адносіны да былога свята з рэвалюцыйным падтэкстам у людзей розныя, кажуць жыхары Бярозы:

– Не, я не лічу яго святам.

– Для мяне не свята. А навошта яно мне?

– Свята кветак, і больш нічога.

– Чакаю, што будзе віншаваць сям’я, дзеці, унукі. Мая матулечка  яшчэ жыве, ёй 85 гадоў. Мы паедзем усёй сям’ёй матулечку віншаваць.

– Я ўсе савецкія святы адзначаю. Я – савецкі чалавек.

– Хацелася б якісьці падарунак маме падарыць, але няма грошай, бо не працую нідзе. А снарады баюся піліць, бо руку адарве!

Узнікла гэта свята, як дзень барацьбы за правы жанчын. 8 сакавіка 1857 года ў Нью-Ёрку сабраліся на маніфестацыю работніцы швейных і абутковых фабрык. Яны патрабавалі 10-гадзінны працоўны дзень, светлыя і сухія працоўныя памяшканні, роўную з мужчынамі заработную плату. Зараз 8 Сакавіка страціла палітычную афарбоўку і стала для тых, хто яго прызнае, проста святам жанчын, якія чакаюць кветак і падарункаў.

Беларускае Радыё Рацыя