Суды па накатанай схеме (абноўлена)



У Менску ўзнавіліся суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года. У перыяд з 8 па 10 студзеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі запланавана каля 50 судоў па адміністрацыйным актыкуле 23.34 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).

Андрэй Палуда з праваабарончага цэнтра «Вясна» у Менску назіраў за судамі:

– Сапраўды, можна сказаць, што адбываецца ўсё па ўжо такой накатанай схеме. Па-іншаму назваць гэта складана. Адбываецца ўсё вельмі-вельмі хутка. Былі суды, куды мы яшчэ з адной назіральніцай ад праваабарончага цэнтра «Вясна» прыходзілі толькі ўдвух, нават не было людзей у адносінах да якіх быў складзены пратакол. І гэта, канешне, сюрэалістычна ўсё выглядала: велізарная заля, стаім мы ўдваіх з назіральніцай з «Вясны», таксама стаіць суддзя і яго сакратарка, і ён нешта там сабе мармоча пад нос.

Восем удзельнікаў снежаньскіх акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй пакараныя буйнымі штрафамі па выніках судовых разглядаў, якія прайшлі ў першай палове дня ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Агулам іх аштрафавалі на 6885 рублёў, пішуць праваабаронцы «Вясны».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Менску ўзнавіліся суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года. У перыяд з 8 па 10 студзеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі запланавана каля 50 судоў па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).

Каго судзяць 8 студзеня?

Суд Маскоўскага раёна г. Менска:

Алена Талстая: 10:00, ч. 3 арт. 23. 34 КаАП; Суддзя – Юлія Варакса; Вынік – 50 базавых велічынь (1350 рублёў).

Віктар Савіч: 10:00, ч. 1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Лідзія Целіца; Віктар Савіч на пасяджэнне не прыйшоў. У выніку яго судзілі не толькі за акцыю 7 снежня, але і за 20 і 21 снежня, то бок па трох пратаколах. Вынік – 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Вячаслаў Касінераў: 10:00, ч. 1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Таццяна Мотыль. Вынік – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Марына Касінерава: 10:00, ч. 1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Юрый Машкетаў. На Марыну складзены пратакол за ўдзел у акцыі 20 снежня. Вынік – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Марына і Вячаслаў Касінеравы на судзе 8 студзеня

Сяргей Антончык: 10:00, ч. 1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Віктар Казак; Антончык у суд не з’явіўся па сямейных абставінах. Яго судзяць за ўдзел у акцыі 20 снежня. Вынік – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Актывіст Legalize Belarus Міхась Варанцоў: 11:30 (каб. 135). ч.1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Лідзія Целіца; Міхась Варанцоў падаў хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Вынік – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Міхась Варанцоў перад судом 8 студзеня

Актывістка «Моладзевага блоку» Алана Гебрэмарыям: 11:30 (каб. 135). ч.1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Таццяна Мотыль. Алана хадайнічала аб азнаямленні з матэрыяламі справы. Суддзя хадайніцтва задавальняе, абвяшчае перапынак. Пасля перапынку актывістка заявіла адвод суддзі, бо не давярае ёй. Адвод адхілены. Перапынак да 15:00.

Алана Гебрэмарыям у судзе 8 студзеня

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Трафімчук: 11:30, ч. 1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Юлія Варакса. Сам Трафімчук на пасяджэнне прыйшоў, аднак сведкі міліцыянты Сувораў і Бахановіч – не. Трафімчука абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі 21 снежня. Вынік – 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Мікалай Трафімчук

Святар Леанід Акаловіч: 11:30, ч. 1 арт. 23.34 КаАП; Суддзя – Юрый Машкетаў. Абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 21 снежня. Вынік – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Суд Пінскага раёна і г. Пінска:

Адбудуцца суды за ўдзел у мясцовай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая адбылася ўвечары 20 снежня ў цэнтры горада.

Дзмітрый Тарасюк: 11:00, арт. 23.34 КаАП; Мікалай Міхалевіч: 11:00, арт. 23.34 КаАП;

spring96.org