8 верасня ў Бярозе збіраюцца выказаць пратэст супраць расейскіх базаў



Бярозаўскія праваабаронцы намагаюцца дамагчыся дазволу на пікет 8 верасня, прысвечаны 500 угодкам бітвы пад Воршай.

“Мэта пікету не толькі нагадаць бярозаўчанам пра мужнасць продкаў, але і выказаць пратэст супраць размяшчэння вайсковых расейскіх базаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама выказаць салідарнасць з палітвязнямі”, – кажа адзін з падпісантаў заявы Сяржук Русецкі:

– Зыходзячы з папярэдніх нашых заявак на 27-га ліпеня і 25 жніўня, калі, нягледзячы на тое, што мы падалі і копіі дамоваў з ЖКХ, бальніцай і міліцыяй Асаблівых спадзяванняў няма, што ўлады дадуць дазвол, але паспрабуем.

Ужо год як праваабаронцы законнымі метадамі дамагаюцца дазволу на пікеты. Усе патрабаванні выконваюць, тым не менш улада дазволу не дае, а суд падтрымлівае абсурдныя на думку заяўнікаў прычыны адмовы.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя