80 кіламетраў бяспамяцтва
“80 кіламетраў бяспамяцтва – сустрэча з гісторыяй польска-беларускага памежжа”. Праект пад такой назвай рэалізуецца паміж Гародняй і Беластокам з удзелам маладых людзей з абодвух бакоў мяжы.
Ключавым элементам праекту з’яўляецца конкурс, у межах якога трохасабовыя групы падрыхтуюць прэзентацыі, прысвечаныя розным тэмам, якія прапанавалі арганізатары – Таварыства адукацыі і дыялогу “Fontis et Futura”.
Сярод чальцоў журы – прафесар Алесь Краўцэвіч:
– Задача праекту – наладзіць кантакты паміж моладдзю Гародні і Беластока. Я лічу, пачатак вельмі ўдалы, бо прыязджала ў Гародню каля 20 маладых палякаў, з якіх 19 – упершыню прыехалі ў Беларусь, жывучы ўсяго за 80 кіламетраў ад мяжы. Таму праект так і называецца “80 кіламетраў бяспамяцтва”. Удзельнікі праекту ездзілі па горадзе, дзяліліся сваімі ведамі па гісторыі Гародні. А зараз 20 маладых гарадзенцаў прыехалі ў Беласток.
У межах праекту маладыя людзі таксама будуць знаёміцца з Беластокам, між іншым, наведаюць Гістарычны музей і Музей войска. Урачыстае абвяшчэнне пераможцаў конкурсу запланаванае ў суботу, 29-га лістапада.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя