810 рублёў – новы штраф за ўдзел у стрыме Ціханоўскага ў Віцебску



Віцяблянін Алег Баразна паразмаўляў з блогерам 30 красавіка. У судзе Чыгуначнага раёна гэты ўчынак быў расцэнены як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Суддзя Святлана Варатынская аштрафавала Алега Баразну на 30 базавых велічынь (810 рублёў). Сам ён свой учынак правапарушэннем не лічыць:

– Толькі выказаў сваё меркаванне. Але ж нават пра выказванні тут не вялося – вялося пра тое, што проста пастаяць побач з іншымі людзьмі нельга! На маю думку, гэта зусім не было падобна да пікета. Так што гэта рэпрэсіі, і найперш супраць Сяргея і тых, хто яго падтрымлівае.

Сябры Алега Баразны таксама былі абураныя судовай пастановай. Адзін з прысутных на судзе лічыць, што за кошт штрафаў міліцыя і суды імкнуцца папоўніць бюджэт:

– Негатыўнае ўражанне ад суду. Хачу сказаць, што абсалютна беспадстаўны штраф, што міліцыя складае пратаколы, перакручваючы ўсё, куды ім патрэбна. Суддзі і міліцыя хочуць папоўніць бюджэт за кошт грамадзянаў, ігнаруючы і Канстытуцыю, і ўсё іншае.

Гэта ўжо другі штраф, прысуджаны Алегу Баразне паводле арт. 23.34. Мінулым разам, 8 траўня, суддзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 25 базавых велічынь (540 рублёў)  за ўдзел у акцыі грамадскай салідарнасці – так званым кармленні галубоў. Тады Алега Баразну затрымалі напярэдадні, і суткі перад судом ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск