810 рублёў штрафу – за інтэрв’ю на Кастрычніцкай плошчы



У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска адбыўся разбор адміністрацыйнай справы Аляксандра Дуброўскіх паводле падзеяў 20 снежня 2019 г. на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Паводле пратаколу, які склалі на жыхара Віцебска ў Кастрычніцкім РАУС, Аляксандр Дуброўскіх «выгукваў лозунгі і выражаў свой пратэст супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі». Але на відэазапісах, якія былі прадстаўлены суду ў якасці доказаў, было відаць толькі тое, што чалавек дае інтэрв’ю карэспандэнтцы «Радыё Свабода». Суддзя Ілля Белавус не ўбачыў супярэчнасці паміж акалічнасцямі, выкладзенымі ў міліцэйскім пратаколе, і ўбачаным на відэазапісе, падкрэслівае праваабаронца Павел Левінаў:

– Ноў-хаў! За інтэрв’ю, якое ён даў журналісту, грамадзяніна асудзілі за ўдзел у масавым мерапрыемстве! У пратаколе было напісана, што ён выгукваў лозунгі, размахваў сцягамі… А насамрэч ён даваў інтэрв’ю і гаварыў пра тое, што нават не тычылася тэмы таго мерапрыемства – ён гаварыў пра фальсіфікацыю выбараў.

Аляксандр Дуброўскіх на працэс з’явіўся са спазненнем і неўзабаве быў выдалены з залі за непаважлівае стаўленне да суду. Ён паспеў засведчыць толькі тое, што на Кастрычніцкай плошчы быў у якасці блогера і здымаў падзеі на мабільны тэлефон.

Суддзя Ілля Белавус прызнаў яго вінаватым у парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП, і за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах аштрафаваў на 30 базавых велічынь (810 рублёў). Падобныя штрафы за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» раней прысудзілі Алене Янушкоўскай і Таццяне Севярынец.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск