82-гадовую жыхарку Светлагорскага раёна шукалі тры дні
Тры дні правяла ў лесе 82-гадовая жыхарка вёскі Вялікая Людзвінаўка Светлагорскага раёна.
9 ліпеня жанчына пайшла ў суседнюю вёску і прапала. Сваякі спачатку самі спрабавалі яе знайсці, але пасля дарэмных спроб звярнуліся па дапамогу ў Светлагорскі РАУС.
Супрацоўнікі міліцыі і мясцовыя жыхары адразу пачалі пошукавыя работы, але яны вынікаў не далі, таму 12 ліпеня да пошукаў падключылі ваеннаслужачых 5-й асобнай патрульнай роты 2-га асобнага патрульнага батальёна вайсковай часці 5525, паведамілі БелаПАН ва УУС Гомельскага аблвыканкама.
У другой палове дня 12 ліпеня ваеннаслужачыя знайшлі жанчыну. Яна некалькі дзён не піла і не ела, была знясіленая, таму яе давялося выносіць з лесу на руках. Як патлумачыла сама зніклая, яна пайшла ў суседнюю вёску па сена для каровы, але, мяркуючы па ўсім, павярнула не ў той бок і заблудзілася. Урачы аказалі пацярпелай неабходную меддапамогу, пасля чаго перадалі сваякам.
belapan.by