82 гады таму прынялі Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека
Мінула 82 гады, як была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Для Беларусаў і для праваабаронцаў дзень 10-га снежня – гэта значны арыенцір, веха да якой яны мусяць дарасці, мусяць дарасці ўлады.
Кажа каардынатар праваабарончага цэнтру „Вясна” у Гародні Віктар Сазонаў:
– З пункту гледжання праваабаронцы, я вельмі ўсцешаны тым, што наша грамадства саспелае да разумення правоў чалавека, выдатна арыентуецца ў гэтым. Яно змагаецца менавіта за гэтыя правы, змагаецца за справядлівасць, змагаецца за свабоду. З пункту гледжання нейкай перспектывы, мы бачым, што гэтае саспелае грамадства гатовае да пабудовы прававой дзяржавы, даўно гатовае і гэтую прававую дзяржаву яно пабудуе.
„Гэты год, не толькі год вялікіх стратаў і перажыванняў, роспачы, але і надзеі”, – мяркуе Віктар Сазонаў. А для праваабаронца з „Беларускага Хельсінкскага Камітэту” Рамана Юргеля, факты такой вялікай колькасці парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі сёлета паказваюць, што ўсё больш людзей сутыкаецца з неабходнасцю адбудовы прававой дзяржавы, а не аўтарытарнай, дзе закон дзейнічае толькі для тых, хто іх здзяйсняе:
– Хочацца пажадаць, каб наступны год быў годам перавыбараў, годам перамен і панавання права. Не толькі абавязкаў грамадзянаў, грамадзяне маюць права на мірны пратэст і на мірныя выказванні сваіх думак, маюць права на мірныя сходы. Каб гэта ўсё адбылося, каб адбылася рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва асуджаных грамадзянаў.
27 тысячы затрыманых, і каля тысячы чалавек праходзяць па крымінальных справах у Беларусі сёлета за ўдзел у мірных пратэстах; выкліканых акурат тым, што Лукашэнка і памагатыя – парушылі грамадзянскія правы падчас выбараў прэзідэнта.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота deili.by