82% школ пачнуць заняткі з 1 верасня ў 9 гадзін (абноўлена)



У пытанні пачатку заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, наведваючы адну з менскіх школ.

«Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага (пераносу пачатку вучэбных заняткаў) хочам. Я казаў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуванне на ўроку. Для таго, каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта — здароўе дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Настаўніца са шматгадовым стажам Таццяна Севярынец крытыкуе такое рашэнне:

– Я – бабуля. У мяне самой тут, у Віцебску, трое вучняў. Двое з іх – гэта малодшая школа. І я ведаю, якая гэта праблема: дзетак трэба і сустрэць, і завесці дадому. А па-другое, больш за 20 гадоў ён ні пра каго не думаў, а тут сваё падрасло, пазяхая недзе. То не трэба цягаць з сабой на розныя прыёмы! У вучня мусіць быць рэжым. Дзіцёнак мусіць спаць класціся своечасова, мала таго, – урокі не прапускаць, таму што не дай Бог дзіцёнак які прапусціць заняткі, трасуць бацькоў і адразу патрабуюць нейкае тлумачэнне. А там – тлумачэнняў даваць не трэба.

На думку Таццяны Севярынец, існуюць больш важныя праблемы ў беларускай адукацыі, акрамя гадзіны пачатку заняткаў. «Патрэбная змястоўная і вывучаная на досведзе паспяховых краін рэформа адукацыі. Пакуль жа кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ня мае сваёй пазіцыі, і ў асобе камуніста Карпенкі толькі бярэ пад казырок усе прапановы Лукашэнкі»,-  дадае былая настаўніца.

Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена інфармацыя, згодна з якой 82,5% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2017 года будуць пачынаць навучальныя заняткі з 9 гадзін. З 8:30 раніцы вучоба будзе пачынацца ў 17,2% школ і толькі ў 0,3% устаноў – з 8 раніцы.

«Мы праманіторылі. Так, сапраўды, ёсць аб’ектыўна школы, якія могуць пачынаць навучальныя заняткі з 9 раніцы. Гэта, як правіла, сельскія школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну змену», — паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, складанасці ўзнікаюць у школ, дзе навучальны працэс арганізаваны ў дзве змены, але адпаведныя пытанні вырашаюцца ў тым ліку за кошт некаторага скарачэння часу пераменак, паведамляе БелТА.

Аднак сталічныя школы знайшлі спосаб абысці загад аб пачатку заняткаў а 9-й гадзіне.

Як стала вядома «Нашай Ніве», заняткі ў наступным навучальным годзе афіцыйна будуць пачынацца а 9-й, але ад 8:00 ці 8:15 у раскладзе будуць стаяць факультатывы.

Як вядома, праграмы і колькасць навучальных гадзін на іх вывучэнне цяпер такія, што без факультатываў нармальнае засваенне ведаў па асноўных прадметах немагчымае. Акрамя таго, сістэма аплаты працы педагогаў такая, што факультатывы неабходныя, каб заробак быў вышэйшы. Фармальна наведванне факультатываў свабоднае, але фактычна ў большасці гарадскіх устаноў адукацыі гэта звычайныя заняткі.