84% беларусаў пазітыўна або нейтральна ставяцца да ЕЗ
84% беларусаў пазітыўна або нейтральна ставяцца да Еўразвяза, 12% — негатыўна. Не ведаюць або ніколі не чулі пра ЕЗ 4% апытаных. Такія дадзеныя апытання, якое правёў праект „Усходняе суседства ЕЗ” у шасці краінах Усходняга партнёрства (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна).
Даследаванне праводзілася з лютага па сакавік 2020 года (да пачатку крызісу, выкліканага COVID-19) і было заснаванае на асабістых інтэрв’ю сярод рэпрэзентатыўнай выбаркі з 1.000 чалавек на краіну. Гэтыя даследаванні праводзяцца ўжо пяты год, пачынаючы з 2016 года.
Паводле дадзеных апытання, 54% беларусаў лічаць адносіны з ЕЗ добрымі, 30% — дрэннымі, 16% — не змаглі адказаць.
45% апытаных з даверам ставяцца да ЕЗ, 41% — да ААН, 39% — да Еўразійскага эканамічнага саюза, 23% — да НАТА.
44% рэспандэнтаў лічаць, што інтэграцыя з ЕЗ умацоўвае бяспеку і стабільнасць краіны, 35% — не згодныя з такім сцвярджэннем, 21% — не змаглі адказаць.
41% беларусаў ведае пра фінансавую падтрымку Беларусі з боку ЕЗ. Эфектыўнай такую падтрымку лічаць 52% апытаных.
belapan.by